Галінкі з "Дрэва вечнасці": выстава да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

У.С.Караткевіч. [1955], [1953] гг. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 33. Лл. 1-2
Працяг тэксту ў анатацыі да выставы
Працяг тэксту ў анатацыі да выставы
Заявы У.С.Караткевіча
У.С.Караткевіч з сябрамі. Канец 1950-х гг. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 31. Л. 5
У.С.Караткевіч з Ц.С.Гарбуновым, Я.Коласам, П.У.Броўкам, А.Ставерам і інш. падчас нарады маладых пісьменнікаў. 1955 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 37. Л. 2
У.С.Караткевіч з І.Паўлавым, А.Харкевічам, Е.Лось, Р.Барадуліным, М.Сіскевічам, Ю.Свіркам, А.Канапелькам пасля нарады ў Каралішчавічах. 1957 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 32. Л. 2
У.С.Караткевіч. “Каласы пад сярпом тваім”. Першапачатковы план рамана. Аўтограф.  1962 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 1. Лл. 1, 1адв, 3, 4
У.С.Караткевіч. Малюнкі. Папера, аловак, туш. 1960-1970-я гг. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 23. Лл. 1, 6, 7, 10
У.С.Караткевіч падчас паездкі ў Крым. 1969 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 34. Лл. 6, 5
У.С.Караткевіч падчас паездкі ў Кракаў. [пач. 1970-х гг.] Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 34. Лл. 10, 11
У.С.Караткевіч падчас паездкі ў Полацк. 1972 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 34. Л. 12
У.С.Караткевіч. “Нельга забыць”(“Няма забыцца”, “Леаніды не вернуцца да зямлі”). Прыкладны план рамана. Аўтограф. 1962 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 2. Лл. 1-2 адв.
У.С.Караткевіч. “Нельга забыць”. Раман. Машынапіс з аўтарскай і рэдактарскай праўкай. 1962 г. Ф. 42. Воп. 1. Адз. зах. 356. Лл. 1, 28-29
А.Л.Верабей “Аксамітны альбом Уладзіміра Караткевіча”. Публікацыя твораў і малюнкаў У.С.Караткевіча, падрыхтаваная да 60-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Выразка з часопіса “Беларусь”. 1990 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 9. Лл. 1-3
У.А.Калеснік. “Ён любіў Беларусь, як жанчыну: горача і раўніва…”. Успаміны пра У.С.Караткевіча. Выразка з часопіса”Беларусь”. 1992 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 27. Лл. 23-24
У.С.Караткевіч. “Ноч”, “Машэка”. Вершы. Аўтограф. 10.03.1954 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 11. Лл. 2-2 адв.
У.С.Караткевіч. “Орша”. Верш. Аўтограф. 27.01.1955 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 11. Лл. 7-7 адв.
У.С.Караткевіч. “Паязджане”.  “У сітнягах над соннай ракою…”. Вершы. Аўтограф. 19.11.1956 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 12. Лл. 30-30 адв.
У.С.Караткевіч. “Прысяга мове”. Верш. Аўтограф.  20.11.1963 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 6. Л. 1
У.С.Караткевіч з Ю.К.Гальперыным  і Г.Кравец. Пачатак 1960-х гг. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 31. Л. 1
Анкета У.С.Караткевіча, дасланая Ю.К.Гальперыну. Аўтограф, машынапіс. 12.1957 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 13. Лл. 38-38 адв.
У.С.Караткевіч. Аўтапартрэты, дасланыя Ю.К.Гальперыну. Папера, шарыкавая ручка. 04.04.1955 г., 11.1955 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 11. Лл. 11, 25 адв.
У.С.Караткевіч. Аўтапартрэт, дасланы М.Танку. Папера, шарыкавая ручка. 20.06.1956 г. Ф. 25. Воп. 2. Адз. зах. 66. Л. 14 адв.
У.С.Караткевіч. Малюнкі, дасланыя Ю.К.Гальперыну. Папера, каляровы аловак.12.04.1963, 1960 гг. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 15. Л. 33. Ф. 141. Воп. 3. Адз. зах. 127. Л. 15
Працяг тэксту ў анатацыі да выставы
У.С.Караткевіч. “Блакіт і золата дня”. Зборнік твораў. Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1961 г. З дароўным надпісам аўтара да І.П.Чыгрына. Інв. № 24914, вокладка, стар. 1, 95
U.Karatkewitsch “König Stachs Wilde Jagd”. Novelle. Berlin: Verlag Neues Leben, 1985 j. Інв. № 21073, вокладка
U.Karatkevich. “King Stakh’s wild hunt”. A story. Мн.: Юнацтва, 1989 г. Інв. № 21068, вокладка, стар. 1
У.С.Караткевіч. “Каласы пад сярпом тваім”. Раман. Машынапіс з аўтарскай і рэдактарскай праўкай. 1965 г. Ф. 42. Воп. 1. Адз. зах. 457. Лл. 70-72
А.М.Кашкурэвіч. “Каласы пад сярпом тваім”. Супервокладка да рамана У.С.Караткевіча. Пробны адбітак. Папера, туш. 1968 г. Ф. 249. Воп. 1. Адз. зах. 67. Л. 1
Е.Стулпан “Журавінка”, “Рукавіцы”. Вершы. Пераклад з латышскай мовы У.С.Караткевіча. 1959 г. Ф. 12. Воп. 1. Адз. зах. 432. Лл. 1-1 адв.
Працяг тэксту ў анатацыі да выставы
Кадры з тэлеспектакля “Млын на Сініх Вірах” У.С.Караткевіча (рэж. В.Р.Карпілаў). 1959 г. Ф. 238. Воп. 1. Адз. зах. 105. Лл. 1, 3
У.С.Караткевіч. “Званы Віцебска”. П’еса. Машынапіс з аўтарскай і рэдактарскай праўкай. 1977 г. Ф. 42. Воп. 1. Адз. зах. 818. Лл. 3, 3а, 4
І.А.Матусевіч у ролі Папа Іллі ў спектаклі “Званы Віцебска” ў пастаноўцы Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа па п’есе У.С.Караткевіча (рэж. В.Я.Мазынскі). 1974 г. Ф. 251. Воп. 1. Адз. зах. 17. Л. 2
Праграма спектакля “Званы Віцебска” ў пастаноўцы Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа па п’есе У.С.Караткевіча (рэж. В.Я.Мазынскі). 1974 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 26. Лл. 1-3
У.С.Караткевіч. “Кастусь Каліноўскі”(“Руна пра Кастуся”). П’еса. Аўтограф. 26.02.1963 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 7. Лл. 1, 2, 7
У.С.Караткевіч. “Кастусь Каліноўскі”. П’еса. Машынапіс. 1980 г. Ф. 42. Воп. 1. Адз. зах. 875. Лл. 3-5
Сцэна са спектакля па п’есе У.С.Караткевіча “Кастусь Каліноўскі” ў пастаноўцы Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (рэж. В.Я.Мазынскі) з удзелам Г.С. Дубава ў ролі Лосева, Ю.У.Засядацелева ў ролі Вітаўта Парфіяновіча. 1978 г. Ф. 258. Воп. 1. Адз. зах. 24. Л. 2
Праграма спектакля “Кастусь Каліноўскі” ў пастаноўцы Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа па п’есе У.С.Караткевіча (рэж. В.Я.Мазынскі). 1978 г. Ф. 250. Воп. 1. Адз. зах. 98. Лл. 49-51
У.С.Караткевіч. “Сівая легенда”. Лібрэта оперы (камп. Д.В.Смольскі). 1978 г. Ф. 20. Воп. 1. Адз. зах. 607. Лл. 1а, 1-2
Сцэны з оперы “Сівая легенда” (камп. Д.В.Смольскі, рэж. С.А.Штэйн), пастаўленай у Дзяржаўным Акадэмічным Вялікім тэатры БССР. 1978 г. Ф. 20. Воп. 5. Адз. зах. 59. Лл. 7-8
Рэпетыцыя і сцэна з оперы “Дзікае паляванне Караля Стаха” (камп. У.Я.Солтан, рэж. В.А.Цюп), пастаўленай у Дзяржаўным Акадэмічным Вялікім тэатры БССР. 1989 г. Ф. 20. Воп. 5. Адз. зах. 88. Лл. 4-5
Праграма сцэнічнай дзеі паводле твораў У.С.Караткевіча “Вераб’іная ноч” у пастаноўцы Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (рэж. М.Д.Краснабаеў). 1995-1996 гг. Ф. 269. Воп. 1. Адз. зах. 621. Лл. 14-14 адв.
Працяг тэксту ў анатацыі да выставы
Кінасцэнар мастацкага фільма “Дикая охота короля Стаха” (аўтары сцэнарыя У.С.Караткевіч, В.Д.Рубінчык, рэж. В.Д.Рубінчык). 1978 г. Ф. 112. Воп. 3. Адз. зах. 70. Лл. 1, 74, 174
У.С.Караткевіч з Л.Міколай, В.Д.Рубінчыкам (аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам фільма “Дикая охота короля Стаха”) на кінастудыі “Беларусьфільм”. 1979 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 33. Л. 1
Кадры з фільма кінастудыі “Беларусьфільм” (рэж. У.Бычкоў, С.Скварцоў) “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” па сцэнарыю У.С.Караткевіча з удзелам Д.Баніоніса, Б.Новікава і інш. 1968 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 42. Лл. 1-4
Падчас здымак дакументальнага фільма “Родная зямля” кінастудыі “Беларусьфільм” (рэж. С.Сплашноў) па сцэнарыю У.Караткевіча ў Бярэзінскім запаведніку. 1972 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 34. Л. 8. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 43. Лл. 3, 4
У.С.Караткевіч. Малюнак і верш, дасланыя М.Танку. Папера, каляровыя фламастэры, шарыкавая ручка, Аўтограф.  17.06.1957 г. Ф. 25. Воп. 2. Адз. зах. 66. Л. 14 адв.
У.С.Караткевіч з удзельнікамі 4-га з’езда пісьменнікаў Беларусі – А.Н.Карпюком, А.М.Адамовічам, А.А.Куляшовым, М.Танкам, І.П.Шамякіным і інш. 12-14.02.1959 г. Ф. 257. Воп. 1. Адз. зах. 418. Л. 1
Пісьмо У.С.Караткевіча да Я.Брыля. 25.03.1962 г. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 168. Лл. 43-44
У.С.Караткевіч з Я.Брылём. [20].04.1962 г. Ф. 56. Воп. 1. Адз. зах. 38. Л. 4
У.С.Караткевіч з Р.І.Барадуліным, Г.М.Бураўкіным, А.М.Кулакоўскім, М.І.Татурам, М.Хведаровічам і інш. падчас адпачынку. [1970-я гг.] Ф. 267. Воп. 1. Адз. зах. 404. Л. 6
Указ Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Л.І.Брэжнева аб узнагароджанні У.С.Караткевіча ордэнам Дружбы народаў у сувязі з 50-годдзем з дня нараджэння. Выразка з газеты. 25.11.1980 г. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 18. Л. 1
Р.Станкевіч “Люблю сваю Белую Русь”. Інтэрв’ю з У.С.Караткевічам. Выразка з газеты. [4.12.1980 г.]. Ф. 56. Воп. 2. Адз. зах. 22. Л. 1
М.Я.Лісоўскі. Шарж на У.С.Караткевіча. Папера, аловак. [1960-1970-я гг.] Ф. 268. Воп. 1. Адз. зах. 55. Л. 3

ГАЛІНКІ З "ДРЭВА ВЕЧНАСЦІ"

Выстава да 90-годдзя з дня нараджэння празаіка, паэта, драматурга Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча (26 лістапада 1930 г. - 25 ліпеня 1984 г.)

Аўтар тэксту - дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка.

Адбор дакументаў і афармленне выставы - вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Кацярына Петухова.

“…А ты цяпер ведаеш” (Замест экскурсіі)

“Ён быў вечны і неўміручы. Ён, здавалася, павінен быў быць нязменны і канчатковы ў сваёй класічнай закончанасці. І, аднак, ён рос. Разумееце? Ён яшчэ рос… Ён быў сведкам усёй пісанай нашай гісторыі. Сведкам канца радавога строю, сведкам з’яўлення князей і ўвядзення хрысціянства, сведкам разгрому беларусамі татарскай навалы, сведкам паўстанняў сямнаццатага стагоддзя і сведкам апошняй вайны”. Гэта радкі з апавядання Уладзіміра Караткевіча “Дрэва вечнасці”. А сведкі і сведчанні даўніх часоў – дакументальныя крыніцы? Няйначай як дрэвам вечнасці нашага народа ўяўляюцца нам скарбы беларускіх архіваў. І добра ўзгадаваныя на ім галінкі памяці пра У. Караткевіча, які “быў, ёсць і будзе” для нас геніем нашай Зямлі. Мы згадваем яго імя штогод у дзень яго нараджэння і ў дзень жыццёвага сыходу, чытаем яго творы на літаратурных вечарынах і ў самоце  хатняй утульнасці, любім і памятаем…

У. Караткевіч ведаў цану архівам і ўдакументаваным сведчанням гісторыі. Пра гэта гаворыць уся яго творчасць. Адзін з вершаў, дасланых паэтам у свой час сябру Ю. Гальперыну, з’яўляецца выдатным эпіграфам да любога аповеду пра захаваныя скарбы мінулага і пра прадвызначэнне мастака ў справе яго захавання:

Моны Лізы смяюцца губы,

Страсць Бетховена ў гуках пяе…

Смерць вартуе тое, што любім,

Вырвем любае з рук яе.

Каб жыло і нашчадкам спявала,

Каб навекі стаяла ў вяках.

Рым загінуў ад дзіды вандалаў, -

Рым жыве ў Ювенала радках[1].

Дзесяць гадоў таму архівісты Беларусі стварылі вялікую інтэрнэт-выставу ў гонар 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Выстава сталася не толькі своеасаблівым візуальным зборнікам дакументаў аб жыцці і творчасці пісьменніка, але і маштабным праектам па іх выяўленні ва ўсіх беларускіх архівах. Прайшоў час, і ў Нацыянальным архіўным фондзе з’явіліся новыя рукапісы твораў У. Караткевіча, яго лісты, фатаграфіі. Першынство ў гэтым па праве задач камплектавання займае Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Менавіта гэта архіўная ўстанова захоўвае найбольшую колькасць Караткевічавых памятак. А пачыналася ўсё з прыватнай гісторыі. І ў сувязі з гэтым згадаем радкі яшчэ аднаго верша Ул. Караткевіча, які так і называецца “Прыватная гісторыя” – радкі скрушныя і слушныя:

Без сцягоў , без прамоў, без багнетаў,

Без атак з памінаннем чартоў –

Вяршыць яна справу сусвету

Побач з іншай гісторыяй – той.

Без крыклівай і кідкай грубасці

З ёю робіць справу жыцця.

Але той – барабаны і трубы.

Гэтай – сціплы спакой забыцця.

[…]

Пра падзеі ратнай гісторыі

Ў паднябеснай слава звініць.

Ўсе архівы прыватнай гісторыі

Ў выбаровай яме і агні.

Пра вялікую трубы гнюсяць,

Пра малую шапочуць лісты.

Ды яе забіваюць хлусы,

А цябе забівае – святы.

Не спявае нідзе араторый

Пра твае неўміручасць і жах.

Гіне праўда прыватнай гісторыі

У пляткарак на языках.

[…]

Некрыклівая, безабаронная,

Бо адкрыты ж кожны парог,

Патанае ў чорным бяздонні.

А гісторык – адзіны бог.

Ды сумленне і нюх некаторых,

Якіх нельга маніць навучыць…

Усю гісторыю гэта гісторыя

На нябачнай пласе маўчыць.

[…]

Абяздоленая, абясхлебленая,

Сярод родных душаў – адна,

Усё ж вядзе яна людства да неба,

Толькі ўбогая, толькі яна[2].

“Прашу прыняць на пастаяннае захоўванне…”  

“Праўда прыватнай гісторыі”, і яго прыватнай гісторыі таксама, была для тады яшчэ маладога пісьменніка справай адказнай. Таму і клапаціўся, каб у патрэбны момант праўда не маўчала на “нябачнай пласе”. Быў верасень 1963 года. Літаратурны архіў рабіў толькі першыя крокі свайго станаўлення. Меў усяго крыху болей за паўсотні фондаў. Ул. Караткевіча чытач пачатку 1960-х ведаў па двух паэтычных зборніках “Матчына душа” і “Вячэрнія ветразі” ды адным празаічным “Блакіт і золата дня”. Былі шматлікія публікацыі, у тым ліку яго першага рамана “Нельга забыць”, прыватная гісторыя якога яшчэ будзе мець працяг. Наперадзе творы, якія стануць славай пісьменніка Караткевіча – “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, многія паэтычныя кнігі. А падзею верасня 1963 г. можа пацвердзіць уласнаручная заява Караткевіча ў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва: “Прашу прыняць на пастаяннае захоўванне…” Пакунак з матэрыяламі, што перадаваў пісьменнік, узважылі і ў акце зафіксавалі – “6 кг”. Паступленне было ўлічана як фонд асабістага паходжання № 56. Далей была навуковая апрацоўка і ў выніку сфарміравана 20 адзінак захоўвання, якія адлюстравалі наяўнасць у фондзе рамана “Няма забыцця”, асобныя лісты і заўвагі да п’есы “Руна пра Кастуся”, сцэнарыі фільмаў “Гневное солнце, палящее”,  “Легенда о бедном дьяволе и об адвокатах сатаны”, шасці кінанавэл, трох апавяданняў, трынаццаці малюнкаў і чатырох фотаздымкаў. Многія былі толькі першымі варыянтамі вядомых у будучым твораў: рамана “Нельга забыць”, а па другой раматычнай назве – “Леаніды не вернуцца да зямлі”, п’есы “Кастусь Каліноўскі”, сцэнарыя фільма, а пасля і рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Пройдзе час, і на кожнай з гэтых дваццаці адзінак з’явіцца адзнака АКД, што азначае асаблівы статус дакумента ў Нацыянальным архіўным фондзе.

Наступны “дзелавы” візіт Ул. Караткевіча ў літаратурны архіў адбыўся амаль праз трынаццаць гадоў, у чэрвені 1976. Варта звярнуць увагу – адрас пражывання пісьменніка на заяве іншы, ужо па вуліцы К. Маркса, 36 у Мінску. Гэта той дом, дзе ён жыў да апошніх дзён, дом з памятнай дошкай Караткевічу, і не толькі яму, вядомы як Дом пісьменнікаў, ці МанаЛІТ. Словы ў заяве гучаць вельмі па-караткевічаўску: “Прашу прыняць… рукапісы твораў Караткевіча Уладзіміра Сямёнавіча  і фатаграфіі (10 шт.), або нават і болей”. Фатаграфій было сорак чатыры. Сярод іншага была карэктура ўжо згаданага рамана пад назвай “Леаніды не вернуцца да зямлі”. Раман рыхтаваўся да выдання ў выдавецтве “Беларусь” яшчэ тады, калі адбылася першая публікацыя ў часопісе “Полымя”. Але асобнай кнігай друкаваць яго забаранілі, хоць і была карэктура і нават быў падрыхтаваны набор. Урэшце пісьменнік вырашыў перадаць захаваную карэктуру ў свой архіўны фонд. З часу той перадачы не прайшло і два гады, як Ул. Караткевіч зноўку адведаў літаратурны архіў, але на гэты раз з просьбай вярнуць яму карэктуру. “Мастацкая літаратура” ўрэшце ўключыла ў выдавецкі план раман, над якім пісьменнік пачаў працаваць у 1960, а завяршыў у 1962 годзе. Роўна праз дваццаць гадоў, у 1982 г. чытач урэшце атрымаў выданне пад назвай “Нельга забыць”. Да гэтага знаёмы быў толькі з пралогам рамана, які пісьменнік надрукаваў як апавяданне «Паром на бурнай рацэ». Раман, які так палюбіўся чытачу, стаў своеасаблівым мастацкім знакам: па яго матывах А. Дудараў стварае п’есу “Вераб’іная ноч”, узнікае музычны гурт пад такой жа назвай з праграмай “Леаніды не вернуцца да зямлі…”, а паводле рамана ў тэатры імя Я. Коласа ў Віцебску ставіцца аднайменны спектакль. Вось толькі забраная Караткевічам карэктура ў архіў больш не вярнулася.

Па ўспамінах старэйшых супрацоўнікаў архіва-музея, Уладзімір Сямёнавіч дапамагаў архівістам анатаваць фотаздымкі, устанаўліваць даты дакументаў. Але ад далейшай перадачы сваіх рукапісаў і фотаздымкаў устрымліваўся. Вядома, што ў гэты перыяд Караткевіч актыўна супрацоўнічаў з аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Беларусі, куды перадаў значную частку свайго архіва, дзе і цяпер захоўваецца яго асабісты фонд. Учынак гэты можна растлумачыць. Напрыклад, вядомы вучоны і сябра Караткевіча Адам Мальдзіс успамінаў, што на яго пытанне : “Навошта ты раз’ядноўваеш дакументы свайго архіва?” – той адказаў: “Нельга захоўваць яйкі ў адным кошыку”.

У. Караткевіч пайшоў з жыцця 25 ліпеня 1984 г. Але праца па напаўненні яго фонду не спыняецца і да гэтай пары. Архівісты адшукваюць усё новыя і новыя крыніцы, некаторыя ўласнікі памятак Караткевіча самі прапаноўваюць і перадаюць у яго архіўны фонд цікавыя дакументы. У 1985 г. Адам Мальдзіс падарыў архіву машынапіс з рэдактарскай праўкай апавядання “Крыж Аняліна”, аўтографы двух вершаў, малюнак і фатаграфію. А вось і ўвогуле нечаканая крыніца і ўнікальныя лісты пісьменніка. Гаворка пра “тульскую” частку яго эпісталярнай спадчыны, якую архіў-музей атрымаў у 2007 годзе. Гісторыя паступлення гэтай часткі архіва У. Караткевіча пачыналася з руплівай працы даследчыка А. Л. Вераб’я. Як успамінае сам Анатоль Леанідавіч, у сярэдзіне 1980-х, калі ішла падрыхтоўка да выдання Збору твораў У.Караткевіча, актыўны ўдзел у гэтай працы прымала сястра пісьменніка Наталля Сямёнаўна Кучкоўская. Зразумела, што ўкладальнік збору А. Л. Верабей і Наталля Сямёнаўна працавалі ў цесным кантакце. У гэты ж час Н. С. Кучкоўская была ў перапісцы з сябрам маладосці свайго брата Ю. Гальперыным, які вельмі цаніў талент пісьменніка і цікавіўся яго творчай спадчынай. Пра сяброўства і перапіску Наталля Сямёнаўна і расказала даследчыку. А. Л. Верабей звярнуўся з лістом да Ю. Гальперына з просьбай даць для Збору твораў невядомыя рукапісы, якія маглі захоўвацца ў сябра. Так паміж імі завязалася перапіска, якая доўжылася да канца жыцця Юрыя Канстанцінавіча. Лісты Ю. Гальперын пісаў на цудоўнай беларускай мове. Яго цікавіла ўсё, што выдавалася з твораў У. Караткевіча. Даслаў для першага тома Збору твораў вершы У. Караткевіча, якія атрымліваў ад паэта разам з лістамі. Дзякуючы Ю. Гальперыну, у першым томе Збору твораў у васьмі тамах было змешчана 18 раней невядомых вершаў У. Караткевіча.

Анатоль Леанідавіч расказаў, што агітаваў Ю. Гальперына за перадачу лістоў У.Караткевіча ў Беларусь яшчэ ў час іх перапіскі, праўда, тады думаў, што месцам іх захавання павінен стаць рукапісны аддзел бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі. Гаспадар лістоў быў гатовы ахвяраваць свой дарагі скарб. Але 6 лістапада 1994 г. Юрыя Канстанцінавіча не стала. Архіў пасля смерці бацькі перайшоў да Таццяны Юр’еўны Куляшовай – дачкі і спадчынніцы Ю. Гальперына, супрацоўніцтва з якой падтрымліваў Анатоль Верабей. Менавіта ён даў згоду на тое, што, акрамя сваіх даследчыцкіх зацікаўленняў, будзе гаварыць са спадчынніцай і ад імя Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Абяцаная ўмова вельмі хутка здзейснілася. 17 снежня 2007 г. архіў-музей прымаў госцю з Тулы Куляшову Таццяну Юр’еўну і даследчыка жыцця і творчасці У. Караткевіча Вераб’я Анатоля Леанідавіча. Важкая папка з 104 лістамі і паштоўкамі пісьменніка – грунтоўнымі, разгорнутымі, спавядальна-апісальнымі, сярод старонак і ў тэкстах якіх звыш трыццаці аўтографаў вершаў, каля дваццаці малюнкаў, адзінаццаць фатаграфій.

Фонд Уладзіміра Караткевіча ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва працягвае папаўняцца. Аддзел фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду за апошнія гады назапасіў комплекс дакументаў, якія складуць чарговы вопіс і будуць даступныя шырокаму даследчыку. Ён уключыць аўтограф вядомай  ужо чытачу па публікацыі ў “Нёмане” №№ 1 – 3 за 2010 год аповесці на рускай мове “Предистория”, якая, як мяркуецца, была напісана ў канцы 1940-х гадоў, калі Караткевіч вучыўся на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта, а таксама фатаграфіі, лісты, публікацыі ды іншае.

Завяршаем кароткі аповед пра асабісты архіўны  фонд Уладзіміра Караткевіча ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, але працягваем экскурсію. Цяпер звернемся да многіх іншых фондаў, у якіх захоўваюцца рукапісы, лісты пісьменніка, дакументы, якія адбіваюць яго жыццё і творчасць.

“Па справах і пакуты” - такую выснову пра сябе і свае высілкі зрабіў герой адной казкі Караткевіча. Хоць там гаворка зусім пра іншае, але чамусьці думаецца, што пісьменнік мог і пра сябе так сказаць пасля пераадолення  цяжкага шляху ад рукапісу да жаданай публікацыі. Бо любіў свабоду ў творчасці, бо пісаў шчыра пра каханне і гісторыю, а яго героі – бясстрашныя беларускія рыцары і самаахвярныя і прыгожыя беларускія жанчыны. Многія цэнзары ды рэдактары хацелі яго перайначыць, змушалі правіць ці ўвогуле забаранялі. Заглянем у архіўныя фонды выдавецтваў, рэдакцый часопісаў, газеты “Літаратуры і мастацтва”, дзе дзесяткі разоў сустрэнемся з Ул. Караткевічам. Самыя першыя яго публікацыі: 1956 – 1959 гады і наступныя дзесяцігоддзі.  Чытачу той далёкай пары было зразумела, што “Будзе шлях пераможным, слаўным, бяскрайнім”. Сотні старонак яго рукапісаў у “Маладосці”, “Полымі”, “Літаратуры і мастацтве” – праўленых самім аўтарам, рэдактарамі, з купюрамі і цэнзурнымі “рэкамендацыямі”, як пісаць і пра што пісаць. Не пагаджаўся, часам канфліктаваў, часам ішоў на саступкі, правіў, тлумачыў. “А будучыня парасткам належыць”, – з упэўненасцю правідцы напісаў аднойчы і ўзгадаваў магутныя дубы высокамастацкіх твораў. Архіўны фонд часопіса “Маладосць” (ф. 37) прадставіць Вам машынапіс з аўтарскімі і рэдактарскімі праўкамі апавядання “Белае полымя” 1959 г., карэктуру з аўтарскай праўкай аповесцяў “Вока тайфуна” 1970г.,  “Лісце каштанаў” 1973г., аповесці “Зброя” 1981 г., п’есы “Маці ўрагану” 1970г. , рамана “Чорны замак Альшанскі” 1985г., а таксама аўтографы эсэ і публіцыстычных артыкулаў, прысвечаных Францыску Скарыну, А. Наўроцкаму, Р. Шырме, вершаў “Гора”, “Пакаленне”, “Не прыхаваць сваёй любові”, “Вячэрнія ветразі”, “Дзяўчаты”, “Месяц заснуў”, “Мімозы”, “О мой цудоўны край”, “Чайка”, “Здратаваныя магілы”, “Жаўранак - звонкая ніць” і інш. Часопіс “Полымя” (ф. 42) прапануе Вам для знаёмства машынапіс са шматлікімі рэдактарскімі праўкамі рамана “Каласы пад сярпом тваім” 1965 г., машынапіс з аўтарскай і рэдактарскай праўкай рамана “Леаніды ня вернуцца да Зямлі” 1963 г.,  машынапіс з аўтарскай і рэдактарскай праўкай апавяданняў “Лісты не спазняюцца ніколі” 1956 г., “Лятучы галандзец”, “Завеі”,  “Лясная гісторыя”, 1958 г., “Былі ў мяне мядзведзі” 1971 г., навэлы “Кніганошы” 1962 г., п’есы “Званы Віцебска” 1977 г., аўтографы паэм “Зямля дзядоў”, “Балады пра чалавека, які змагаўся са смерцю”, вершаў “Бацька”, “Слова Міцкевічу”, “На радзіме”, “Шыпшына і ружа”, “Вадарод” 1957 г. Адзначым, што некаторыя вершы маюць заўвагі М. Танка, рэдактара часопіса, з якім Караткевіч вёў перапіску. Газета “Літаратура і мастацтва” (ф.12) – машынапіс асобных раздзелаў рамана “Каласы пад сярпом тваім”, аўтографы верша “Рыбы ў падводных лясах” 1957 г., эсэ “Рша камен…” 1967 г., шматлікіх артыкулаў.

Дададзім, што ў гэтых жа фондах захаваліся аўтографы перакладаў Караткевіча 1959 г.: з грэцкай мовы артыкула Петраса Антэаса “Чалавек са сцягам” пра нацыянальнага героя Грэцыі Маноліса Глезаса і з латышскай мовы вершаў “Журавінка” і “Рукавіцы” Е. Стулпана.

Ёсць колькі важных, асабліва ў працы тэкстолагаў, рукапісаў Ул. Караткевіча ў архіўным фондзе выдавецтва “Беларусь” (ф. 11): машынапіс з аўтарскай праўкай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” 1958 г. – раздзелы І, ІV, Х, ХVІІ і рамана “Леаніды ня вернуцца да Зямлі” 1963 г.

“І абыякавых не было”. Гэтую частку экскурсіі прысвячаем тэме “Ул.Караткевіч і тэатральнае мастацтва”. У. Караткевіч быў выдатным драматургам. Яго п’есы ставіліся ў многіх тэатрах, а па яго празаічных творах ставілі спектаклі многія рэжысёры. Але найбольш актыўна да твораў Караткевіча звяртаецца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа, што ў Віцебску. У 1974 г. рэжысёрам Валерыем Мазынскім  была пастаўлена п’еса “Званы Віцебска”. Спектаклем пачыналася святкаванне 1000-годдзя Віцебска. Сам Караткевіч  прысутнічаў на прэм’еры. “І абыякавых не было” – будзе сказана пра гэты спектакль,  што можна сказаць і пра ўсе наступныя. У 1978 г. рэжысёрам В. Мазынскім была пастаўлена яшчэ адна п’еса Караткевіча “Кастусь Каліноўскі”. Галоўную ролю сыграў народны артыст Беларусі Ул. Куляшоў. А ў 1980 годзе персанажы спектакля віншавалі аўтара Ул. Караткевіча з 50-годдзем  з дня яго нараджэння. Пазней да твораў Караткевіча звярнуўся яшчэ адзін рэжысёр Коласаўскага тэатра Міхась Краснабаеў. У яго пастаноўках выйшлі спектаклі: у 1996 г. на эксперыментальнай сцэне тэатра спектакль “Вераб’іная ноч” паводле апавядання “Паром на бурнай рацэ” – спектакль жыў на сцэне амаль дзесяць гадоў; у 2005 г. – музычная легенда “Ладдзя роспачы” па аднайменнай аповесці; у 2012 г. – спектакль “Леаніды не вернуцца да зямлі” па рамане “Нельга забыць”; у 2013 г. – спектакль “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паводле аднайменнага рамана. У 2015 годзе традыцыю працягнуў рэжысёр Ю. Лізянгевіч, які напісаў інсцэніроўку і паставіў спектакль “Дзікае паляванне Караля Стаха” па аднайменнай аповесці Караткевіча. Пра ўсё гэта могуць расказаць дакументы тэатральных фондаў і фондаў артыстаў, якія стваралі вобразы герояў яго твораў.

“Лепей ужо з арлом схапіцца” – так заключыў герой адной казкі Караткевіча. (Колькі мудрага ў яго казках!). “Лепей ўжо з арлом схапіцца, абы толькі розная жамяра ды малеча цябе не шчыкалі і скублі”. У гэтай частцы гаворка пра адносіны Караткевіча з кінастудыяй “Беларусьфільм”, Мінскай студыяй хранікальна-дакументальных фільмаў і інш. Караткевіч ствараў сцэнарыі – ён быў выдатным сцэнарыстам. І гэта даказвае архіўны фонд кінастудыі “Беларусьфільм”, які захоўвае сцэнарыі мастацкіх фільмаў, напісаныя У. Караткевічам. Сярод іх: “Житие и вознесение Юрася Братчика” (“Христос приземлился в Гродно”), “Дикая охота короля Стаха”, “Чёрный замок Ольшанский”, а таксама сцэнарый непастаўленага фільма “Рассказы из каталажки” па матывах беларускага гарадскога фальклору пач. ХХ ст. і апавяданняў З. Бядулі, Я. Коласа, Ядвігіна Ш. з заўвагамі па сцэнарыі і адказамі Караткевіча. У фондзе Мінскай кінастудыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў (ф. 163) захаваўся сцэнарый і дыктарскі тэкст да кінафільма “Свидетели вечности” (“Деревья — монументы наши”). Караткевіч пісаў сцэнарыі і для іншых кінастудый. Як доказ, на апошніх “Архіўных чытаннях” была агучана інфармацыя пра сцэнарыі Караткевіча, якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Украіны.

Няпроста складваліся адносіны Караткевіча з рознымі сцэнарнымі калегіямі і мастацкімі саветамі. Ды і лёс саміх фільмаў складваўся няпроста. Прыкладам можа служыць гісторыя фільма “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, знятага на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1967 годзе рэжысёрам В. С. Бычковым пры ўдзеле С. К. Скварцова. Галоўным аператарам фільма быў А. Д. Забалоцкі, мастакамі-пастаноўшчыкамі Я. А. Ігнацьеў і Ш. Ф. Абдусаламаў, кампазітарам А. М. Каравайчук. У ролях зняліся вядомыя акцёры Л. К. Дураў (Юрась Братчык), І. Р. Рутберг (Раввуні), Л. Б. Круглы (разбяр), А. М. Смірноў (барадаты рыбар), П. В. Кармунін (убогі шляхціц), Л. Р. Румянцава (Марына Крывіц), В. У. Броўкін (кардынал Лотр), Д. Ю. Баніёніс (езуіт Басяцкі), У. М. Васільеў, У. Ф. Паначэўны, Э. Перагуд, І. З. Смушкевіч, А. М. Сталбоў, Р. М. Шмыроў (былыя валацугі, прызначаныя апосталамі) і інш. Акцёрам у фільме выступіў і сам У. С. Караткевіч: сыграў дзве эпізадычныя ролі – ксяндза і татарына. Закадравая песня “Дзеці Юр’я святога” гучыць таксама ў выкананні У. С. Караткевіча. Фільм, ператрываўшы дванаццаць рэдакцый, перажыўшы шматлікія скарачэнні і перазапісы, выйшаў пад назвай “Житие и вознесение Юрася Братчика”. Але па рашэнні Дзяржкамітэта па справах кінематаграфіі пры Савеце міністраў СССР для паказу быў забаронены. У. Караткевіч на ўсе гэтыя пакутныя падзеі адгукнуўся вершам “Кінааслы”:

Пад стромай эфемерныя кварталы

Б’е ў дыхту сценак вецер-дрэвачос.

Па вузкіх сцежках, зарасцях і скалах

Я еду на асле, нібы Хрыстос.

І на шырокіх ветраных палянах,

Дзе адступаюць дубнякі і глог,

Махаюць лаўры мне галлём «асанну»...

Ну, хло-опцы, сорам!.. Ну за што, дальбог?

За гэты горад?.. То не горад — гора...

Ўся гэта фальш з павапленай сцяной

І я, што дурам на асла успёрся,—

Ўсё гэта называецца — кіно.

І помніце, што маскі і катурны

Не ўсё ў жыцці,— паверце мне, не ўсё,—

А на аслах часцей бывалі дурні,

І не адзнака для Хрыста — асёл,

Нашто «асанну» ліць бяззменнай хваляй?

Глядзіце лепш, як на мяжы імглы

Над безданню вячэрняй, над правалам

Па сцежцы едуць два кінааслы.[3]

Толькі ў 1989 годзе тэлевізійная студыя “Диалог” звярнулася да фільма: былі адноўлены знакавыя сцэны, зроблены перамантаж асобных эпізодаў, даздымкі галоўнага героя, агучка на беларускай мове. Фільм выйшаў у кінапракат пад аўтарскай назвай “Хрыстос прызямліўся у Гародні”.

Уладзімір Караткевіч пісаў сцэнарыі і да дакументальных фільмаў. Сярод іх фільмы “Сведкі вечнасці” (пра дрэвы-старажылы) рэжысёра А. Забалоцкага; “Памяць каменя” (пра помнікі архітэктуры) рэжысёра Ю. Цвяткова; “Будзь шчаслівай, рака”  рэжысёра  А. Ястрабава. Усе названыя  фільмы зняты на Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, якая ў 1968 г. стала творчым аб’яднаннем “Летапіс” кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1972 г. названым аб’яднаннем па сцэнарыі Ул. Караткевіча, напісаным сумесна з этнографам Зінаідай Мажэйкай, быў зняты фільм “Палескія калядкі” (“Сонцазварот”). Але ў тытрах Вы не знойдзеце імя Караткевіча. Пасля мантажу фільма зніклі біблейскія матывы, кадры з абразамі і крыжамі, а калядная зорка стала пяціканцовай. Уладзімір Караткевіч быў абураны і адмовіўся ад сваёй часткі сцэнарыя.

На гэтым можна было б паставіць кропку са словамі: “…А ты цяпер ведаеш”, якімі часам завяршаў свае казкі У. Караткевіч. Але дазвольце яшчэ некалькі радкоў для большага ўяўлення пра памяткі Караткевіча ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Для гэтага запрашаем да вывучэння спраў архіўнага фонду № 78 Саюза пісьменнікаў, дзе сустрэнем лісты, заявы, выступленні У. Караткевіча з нагоды самых розных падзей: запрашэння замежных сяброў, клопатаў па ахове гістарычных помнікаў, вандровак па памятных мясцінах Беларусі.

Вялікая эпісталярная спадчына У.Караткевіча захоўваецца ў асабістых фондах М. Танка (Ф. 25), Е. Лось (Ф.141), А. Бялевіча (Ф.330), З. Верас (Ф. 318), М. Забэйды-Суміцкага (Ф. 293) і іншых. А, напрыклад, у фондзе рускага празаіка і перакладчыка П. Кабзарэўскага захаваўся машынапіс перакладу аповесці “Сівая легенда” з заўвагамі і праўкамі Караткевіча, а ў канцы тэксту прыпіска: “С переводом целиком согласен. Превосходный перевод. В. Короткевич”.

Ну і яшчэ дзесяткі малюнкаў, фотаздымкаў і дароўных надпісаў на кнігах, якія шчодра дарыў сябрам-пісьменнікам, знаёмым і прыхільнікам сваёй творчасці.

Ён быў царом дубоў. Над пушчай дзікай

Ён узвышаўся, як над морам траў.

І кожны жолуд, як радок вялікі,

Для сонца новы парастак раджаў.

І вось цяпер, калі яго быліны

Жывуць у жылах кожнага, як кроў,

З яго драўніны цяжкай робяць клінні

Для пачынаючых мужнець дубоў.

А ён, калі пачнуць крахтаць нябогі,

Іх важна вучыць,— мудрасці нібы:

«Што ж, дошкі будуць,— гэта ўсё нічога,

Для гэтага ж і існуюць дубы».

Забыў свае змаганні і быліны,

Забыў свае пакуты на зямлі,—

Таму, што першыя свае галіны

Не так, як ён, нашчадкі павялі.

І ён глядзіць на іх, бы з мёртвай вежы,

Не разумее іх святыя сны…

А будучыня парасткам належыць,

Бо на дубах былых растуць яны.

Бо іх галінам шырыцца ў свабодзе,

Бо іх карэнням глыб зямлі працяць,

Бо іншыя яны, бо сем стагоддзяў

Лес глебу рыхтаваў для іх жыцця…

…Стаіць над здзірванелай сцежкай згубы,

Нібыта ўсім, што з ім было ў жыцці,

Увасобіў да канца «ідэю дуба»

І больш дубам няма чаго расці[4].

_________________________

[1] Караткевіч У. С. Мастакам // Караткевіч У. С. Збор твораў у 8 тамах. Т. 1. Мн., 1987. С. 349.

[2] Караткевіч У. С. Прыватная гісторыя // Караткевіч У. С. Збор твораў у 8 тамах. Т. 1. Мн., 1987. С. 391-392.

[3] Караткевіч У. С. Кінааслы // Караткевіч У. С. Збор твораў у 8 тамах. Т. 1. Мн., 1987. С. 203 – 204.

[4] Караткевіч У.С. Дуб  // Караткевіч У.С. Збор твораў у 8 тамах. Т. 1. Мн., 1987. С. 272.

24 лістапада 2020 г.