Да гісторыі архіўнай спадчыны Максіма Багдановіча

Я. Дыла. Артыкул “Скарбы творчасці Максіма Багдановіча (Атрыманыя рукапісы пісьменніка)”. Газ. “Савецкая Беларусь”, 16.06.1923 г.
Р.Жалязняк. Дысертацыя “Поэзия М.А.Богдановича”. 1941 г.
Пісьмо В.М.Кузняцова да А.Бачылы. 1968 г.
Сямейны альбом Багдановічаў. 1896-1908 гг.
Пасведчанне Санк-Пецярбургскай гарадской паліцэйскай управы на права пражывання ва ўсіх гарадах Расійскай імперыі на імя М.А.Мякоты. 28.08.1888 г.
Запіс свяшчэнніка Хмарына-Гарадзецкай царквы Мінскага пав. Пашкевіча аб вянчанні 30 кастрычніка 1888 г. М.А.Мякоты з А.Я.Багдановічам. 1888 г.
Фотакопія пасведчання М.А.Мякоты аб сканчэнні Мінскага трохкласнага жаночага вучылішча.
М.А.Мякота-Багдановіч. Апавяданне “Накануне рождества”. Газ. “Гродненские губернские ведомости”, 29.01.1893 г.
Пісьмо К.П.Пешкавай да П.А.Багдановіча. 1940 г.
Л.Заяц. “Максім Багдановіч (Успаміны к 8 угодкам сьмерці)”. Копія гранак віленскай газеты “Іскра”, 31.05.1925 г.
Фатаграфіі М.Багдановіча, копіі. Яраслаўль, [1911, 1913 гг.].
Фатаграфіі М.А.Багдановіч, копіі. Мінск, Гродна, [1892-1893, 1896 гг.].
Завяшчанне А.Я.Багдановіча сваім дзецям. 25.05.1938 г.
Прадметы сямейнага побыту Багдановічаў
Асабістыя рэчы членаў сям’і Багдановічаў.
Паштоўка М.Багдановіча да брата Л.А.Багдановіча. 20.03.1914 г.
Паштоўка М.Багдановіча ў газ. “Наша ніва”. 1909 г.
Запіска М.Багдановіча да З.Верас. 1916 г.

"Да гісторыі архіўнай спадчыны Максіма Багдановіча"

У гонар 130-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта, публіцыста, літаратуразнаўца, перакладчыка, класіка беларускай літаратуры Максіма Адамавіча Багдановіча (09.12.1891-25.05.1917

21 красавіка 1923 г. газета “Савецкая Беларусь” нататкай Н. Бываеўскага (Я. Дылы) “Знойдзеныя скарбы! (К творчасці Максіма Багдановіча)” паведамляла аб тым, што “пазаўчора, 19 красавіка, атрыман ліст ад бацькі без пары памершага беларускага паэта Максіма Багдановіча, які парадуе ўсіх культурнікаў”. Аўтар пісаў аб цудам выратаваных скарбах творчасці паэта і пра тое, што бацька яго, А.Я. Багдановіч, гатовы падарыць іх “маладой Савецкай Беларусі”. “Прыдзецца падумаць і аб выданні твораў.” – зазначае аўтар і ў заключэнні вітае “працоўных Беларусі з гэтым шчаслівым для беларускае культуры днём”. У хуткім часе, 16 чэрвеня 1923 г., у Доме працаўнікоў асветы ў Мінску адбыўся вечар памяці беларускага паэта Максіма Багдановіча. У гэты ж дзень ужо згаданая тут газета “Савецкая Беларусь” апублікавала ўспаміны пра яго З. Бядулі, Я. Дылы, а таксама яго наступны артыкул “Скарбы творчасці Максіма Багдановіча (Атрыманыя рукапісы пісьменніка)”. З хваляваннем, не хаваючы выключнай радасці з нагоды набыцця Інбелкультам “скарбаў творчасці”, аўтар упершыню расказаў аб тым шчаслівым выніку пошукаў, якія ў хуткім часе ўвасобяцца ў выдатны двухтомнік “Творы М. Багдановіча” з серыі “Акадэмічная бібліятэка беларускіх пісьменнікаў”. Аўтар дзеліцца з чытачамі весткамі аб тым, што ўвайшло ў гэта паступленне і першым робіць агляд архіўнай спадчыны пісьменніка. Уражвае багацце дакументаў, якія маглі і сёння служыць усім нам невычэрпнай крыніцай жыцця і творчасці аднаго з самых выдатных паэтаў Беларусі. Язэп Дыла паведамляе, што архіў М. Багдановіча прывёз у Мінск яго бацька Адам Ягоравіч, каб “перадаць на захоў і карыстанне беларускім культурным установам”. Як ужо сказана, архіў быў багаты. Аўтар артыкула з захапленнем піша: “Па надворнаму ўжо ўражанню адразу відаць, што найбольш усяго мы маем перад сабой вершаў М. Багдановіча. Цэлыя сшыткі спроб накідаў і выпрацаваных тэкстаў; дзесяткі лістоў, чацьвёртак, паўлістоў і цэлых аркушаў паперы, занятых радкамі таксама вершаў. Тут мы маем першабытныя варыянты як друкаваных яго вершаў, так яшчэ і нідзе не надрукаваных. […] Сярод чарнавікоў ёсьць і першая рэдакцыя “Мушкі-зелянушкі”, варыянты “Вэронікі”, “Максіма і Магдалены” і іншых больш выдатных паэтычных твораў песьняра. Асаблівую ўвагу зварочваюць на сябе вершы першага перыяду творчасьці, калі яшчэ слоўнікавы матар’ял вершаў не даваўся пісьменніку ў сэнсе чыстаты беларускай мовы; затым ёсьць папачка вершаў, якія падбіраліся Максімам для сшытку “Палын-трава”, новага збору яго паэтычных твораў. Ёсьць таксама цікаўная тэтрадка вершаў-перакладаў з беларускае на расейскую мову пад назваю “Белорусские поэты”, дзе зьмешчаны пераклады Максіма Багдановіча з Марцінкевіча, Няслухоўскага, Я. Купалы, Я. Коласа і іншых. Ня выкарыстаўшы белавік гэтых сваіх перакладаў для надрукаваньня ў расейскіх журналах (на рукапісы ёсьць адзнакі, што сшытак вярнулі), Максім карыстаецца гэтым сшыткам для сваіх чарнавых накідаў беларускіх вершаў і кожын шматок чыстае паперы напаўняе сваею “бісернаю” рукою новых арыгіналаў. У гэтым якраз сшытку зьмешчан вельмі цэнны аўтабіяграфічны нарыс – ліст да рэдакцыі “Нашае Нівы”, арыгінал якога, мабыць, не захаваўся”.

Камісія, якая была створана Інбелкультам для прыёму архіўнай спадчыны паэта, занатавала 48 арыгінальных вершаў, большая частка з якіх не друкавалася, а таксама папку з вершамі (30-40 штук), якая была моцна пашкоджана агнём і якую можны было чытаць толькі адзіны раз з павелічальным шклом. Але ўжо па першаму агляду было зразумела, што ў папцы вершы невядомыя. Паступіла з архівам М. Багдановіча дзесяць твораў мастацкай прозы, многія з якіх былі аўтарам не завершаны, а таксама рукапісы артыкулаў на рускай, беларускай і адзін на ўкраінскай мове (“Забуты шлях”). Сярод рукапісаў амаль не было лістоў М. Багдановіча: усяго каля дзесяці неадасланых адрасатам, сярод якіх два перадсмяротныя бацьку і прыяцелю. Але, як адзначае Я. Дыла, “маем 194 захаваўшыхся лістоў да Максіма Багдановіча, якія часткаю датычаць яго творчасьці (напр., перапіска з рэдакцыяй “Нашай Нівы”), часткаю асьвятляюць беларускае культурна-нацыянальнае жыцьцё, матар’ялаў аб чым, шчыра кажучы, беларускія культурнікі не захавалі па сваёй нядбаласьці і ў гэтым сэнсе “някультурнасьці”. Маюць таму вялікую цэннасьць лісты без пары памёршага беларускага паэты і публіцыста Сяргея Палуяна (лікам 9), лісты кіраўнікоў “Нашае Нівы” (27 экз.), Яўгеня Хлябцэвіча (4), Я. Купалы (2), Б. Эпімах-Шыпілы (2), В. Лявіцкай (12) і 7 лістоў добра Менску вядомага Алеся Бурбіса (ад 1915 і 1916 г.г.). Нельга не адзначыць, што сярод лістоў да Максіма Багдановіча ёсьць адзін ліст ад Цёткі (Алёізы Пашкевічанкі – Кэйрыс), гэтай адзінай беларускай сацыялісткі “без палітычнай плямы” памылак”.

Прыняла камісія і адзінаццаць здымкаў паэта, індывідуальных і групавых. Усё гэта павінна было скласці аснову выдання твораў Максіма Багдановіча, працу над якім распачынаў Інстытут беларускай культуры. Перададзенае бацькам паэта Адамам Ягоравічам Багдановічам склала хоць і асноўную, але толькі частку яго архіўнага збору.

Пачынаючы працу, літаратурная камісія рабіла аб’явы ў перыядычным друку, пісала лісты тым, хто мог валодаць рукапісамі і дакументамі, хто мог напісаць успаміны і запрашала далучацца да справы “па дастойным выданні жыцьцеапісу і пладоў багатай творчасці без пары памёршага нашага таленту” (радок з названага тут артыкула Я. Дылы ў “Савецкай Беларусі” ад 16.06.1923 г.). Так што пад канец працы над двухтомнікам Інбелкульт валодаў даволі багатым і разнастайным архіўным зборам творчай і дакументальнай спадчыны М. Багдановіча.

Язэп Дыла рабіў спробу адшукаць у Яраслаўлі сям’ю М. Багдановіча яшчэ ў 1918 г., калі Беларускі нацыянальны камісарыят у Маскве (Беларускі нацыянальны камісарыят – аддзел Наркамата па справах нацыянальнасцей РСФСР у 1918 – 1919 г. Створаны ў Петраградзе 13.02.1918 г. 3 сакавіка 1918 г. – у Маскве. Я. Дыла падтрымліваў сувязі з Белнацкамам, а з лістапада 1918 стаў сябрам Маскоўскай беларускай секцыі РКП (б)) пастанавіў, сярод іншага, і выданне твораў М. Багдановіча. Але намаганні былі дарэмнымі. Як напісаў Я. Дыла, “пасля некалькіх спроб адшукаць бацькоў пісьменніка, якія жылі ў Яраслаўлі, і за часы, калі гэтае места перажыло белагвардзейскае паўстанне, лічылі ўжо загінуўшымі ад бояк на вуліцах і пажару як старых Максіма, так і ўсе яго рукапісы” (радок з артыкула Я. Дылы, змешчанага ў “Савецкай Беларусі” ад 16.06.1923 г). І ўсё ж пад задуму Белнацкама Я. Дылу ўдалося сабраць некаторыя матэрыялы, у асноўным ад знаёмых і сяброў паэта. Белнацкамаўскае выданне не адбылося і калі пачалася праца над укладаннем збору ў Інбелкульце, Я. Дыла перадаў іх літаратурнай камісіі.

Цікава, што Адам Ягоравіч Багдановіч самастойна знайшоў шлях да Інбелкульта, і трэба адзначыць, у нейкім сэнсе выпадкова. Як ужо тут гаварылася, 19 красавіка 1923 г. Інстытут беларускай культуры нечакана атрымаў заяву “заведующего Научной библиотекой при Ярославском историческом музее Адама Георгиевича Богдановича”. У заяве перш за ўсё тлумачылася акалічнасць, якая спрыяла яе аўтару знайсці належны адрасат:

“Уважаемые товарищи, дорогие земляки!

В № 12 “Красной нивы” в заметке об Институте белорусской культуры, между прочим, напечатано: “Инбелкультом приговлены два академичеких издания белорусских писателей и поэтов, которые выйдут впервые в свет в полном собрании. В первую очередь будут изданы сочинения Дунина-Марцинкевича, Богдановича, Цётки, Каганца и Ядвигина Ш.” (можна дапусціць, што ў дадзеным выпадку слова “будуць” больш азначала намеры, чым сцвярджэнне).

Эта случайная заметка меня несказанно обрадовала, ибо дает мне возможность исполнить свой национальный долг перед белорусским народом и перед памятью моего сына Максима Адамовича Богдановича, ранняя смерть которого несомненно была тяжелой утратой и для его друзей, и для его родни.

Дело в том, что у меня хранится его архив и все то, что имело отношение к его личности и к его литературной деятельности: несколько десятков его стихотворений последнего периода, нигде не напечатанных, черновики почти всех его стихов и других писаний, экземпляр отдельного издания его стихов (“Вянок”) с его замечаниями и поправками, оттисками его статей на русском языке, его переписка и предсмертные письма ко мне и к товарищам, его фотографические карточки, в том числе одна из позднейших, белорусская азбука, над которой он работал в последние дни своей жизни и т.п.

По весу все представляет значительную массу – около пуда.

Сохранить все это от пожара во время Ярославского восстания (моя квартирная уникальная библиотека и почти все имущество сгорели) представляло чрезвычайные трудности. Закопать в землю не было времени, и я, затолкав все это в сундук, затопил его в погребе.

Хотя сундучок был целиком затоплен, его вода от пожара, видимо, испарилась и крышка обгорела. По счастью, почти всё сохранилось, хотя кое-что обуглилось.

Удалось спасти, хотя и не все (например, его личная библиотека по белоруссике сгорела), но затем возникал мучительный вопрос, куда все это девать, куда сдать на хранение? Ведь Нашинский [Нашаніўскі?] музей остался за рубежом, а что делают в Минске и делают ли что-либо в отношении охраны и истолкования национальных ценностей, мне было не известно: мои живые связи с Белоруссией все затерялись. Наконец я уже было решил в этом году обратиться в Белорусский комиссариат по просвещению, как вдруг попала на глаза упомянутая выше заметка.

Это мне и нужно(цытуецца па выданні “Шлях паэта”. Складальнік Н.Б. Ватацы. Мн., 1975. С. 127 – 128).

Праз многа год “гісторыю з сундучком” удакладніць зводны брат Максіма Павел Адамавіч Багдановіч у лісце да Н.Б. Ватацы ад 9 студзеня 1965 г.: “Рукописей и автографов брата у меня нет (П.А. Багдановіч у сваім архіве меў рукапісы брата. У лютым 1950 г. ён перадаў два вершы “Крыціку” і “Ракаўкі” з П. Верлена С. Шумаковічу, які апублікаваў іх у газеце “ЛіМ” 08.04.1950 г.). В июле 1918 г. от Белорусской Рады в Ярославль приезжала комиссия для получения Максимова архива. Отец отказался это сделать. […] Сундук с архивом брата я поставил в погреб на лёд, и наша семья покинула дом. Дом сгорел в последний день мятежа. Когда горел погреб, лёд растаял, сундук погрузился в воду, крышка и верхний слой обгорели. Вода смочила все рукописи. В таком виде сундук был нами извлечен” (цытуецца па выданні “Шлях паэта”. Складальнік Н.Б. Ватацы. Мн., 1975. С. 177).

Адам Ягоравіч Багдановіч прывозіў дакументы ў Інбелкульт на працягу 1923-1924 гг. некалькі разоў і, калі пачалася актыўная падрыхтоўка выдання збору твораў, урэшце уключыўся ў працу па пошуку рукапісаў Максіма: ім былі сабраны ўспаміны яраслаўскіх сяброў паэта, зроблены копіі з артыкулаў сына, надрукаваных у газеце “Голас”, выяўлены і скапіяваны некаторыя біяграфічныя матэрыялы. Акрамя усяго, у гэты перыяд архіў Максіма Багдановіча папоўніўся ўспамінамі В. Ластоўскага, Хв. Імшэнніка, новымі звесткамі ад З. Бядулі, А. Смоліча, копіямі з аўтографаў вершаў і двух лістоў, дасланых А. Луцкевічам з Вільні, сшыткам з аўтографамі чатырнаццаці вершаў паэта пад агульным загалоўкам “Каханне і смерць. Нізка вершаў”, які прывёз ад Р. Зямкевіча С. Некрашэвіч з паездкі ў Заходнюю Беларусь у 1926 г. Багацце матэрыялаў дало падставы літаратурнай камісіі планаваць да выдання тры тамы: “І-шы том – вершы паэта, ІІ-гі – яго проза бэлетрыстычнага, крытычнага і публіцыстычнага зьместу, ІІІ-ці – біографічны і крытычны матар’ял аб поэце” (І. Замоцін. Прадмова да выдання “Творы М. Багдановіча”. Т.1. Мн., 1927. С. VII). На працягу 1927 і 1928 г.г. два тамы творчай спадчыны М. Багдановіча пабачылі свет. У другім томе на ст. 386-399 быў змешчаны “Апіс рукапісаў М. Багдановіча і матар’ялаў да яго біографіі”, зроблены В. Мачульскім. “Апіс” дае агульную характарыстыку архіўнага збору і кароткае апісанне змястоўнага дванаццаці папак. Не ўвайшлі ў “апіс” дзве папкі з кнігамі і перыядычнымі выдыннямі. Па-сутнасці, дзякуючы гэтаму “апісу”, мы маем унікальнае сведчанне аб страчанай архіўнай спадчыне паэта і з вялікім жалем можам ацаніць памеры гэтай страты.

Трэці планаваны том не выйшаў, хоць матырыялы для яго былі сабраны. Наступалі трагічныя 1930-я. Многія сябры літаратурнай камісіі, якія займаліся падрыхтоўкай выдання, былі абвінавачаны ў надуманых і да неверагоднасці недарэчных злачынствах: у 1930 г. былі арыштаваны Я. Дыла (спрычыніўся да збору матэрыялаў М. Багдановіча), М. Гарэцкі і У. Дубоўка (абодва займаліся разборкай і капіяваннем рукапісаў, пашкоджаных пажарам), А. Смоліч (адказны рэдактар выдання), В. Ластоўскі (неадменны сакратар АН БССР), у 1933 г. звольнены з Інстытута беларускай літаратуры і мастацтва як “класава-варожы элемент” адзін з самых актыўных удзельнікаў выдання, сакратар камісіі В. Мачульскі (у 1934 г. пакінуў Беларусь) і аўтар “Бібліяграфіі літаратуры аб М. Багдановічу” Я. Барычэўскі (у выніку 12.09.1934 г. ён пайшоў з жыцця). Незайздросны лёс чакаў і многіх іншых, хто мог зрабіць для памяці паэта вялікія паслугі.

У канцы 1930-х гадоў да архіўнага збору М. Багдановіча, які зберагаўся ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, звярнуўся малады вучоны Рыгор Жалязняк, які працаваў над кандыдацкай дысертацыяй “Поэзия М.А. Богдановича” і якую ў 1940 г. абараніў у Ленінградскім універсітэце. Машынапіс дысертацыі з праўкамі яе аўтара захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў фондзе Л.А. Бэндэ (Ф. 66. Воп. 1. Адз. зах. 1389-1391). Адзін асобнік названай дысертацыі захоўваецца ў Фундаментальнай бібліятэцы Санкт-Пецярбурскага ўніверсітэта. Менавіта гэтым асобнікам карысталася Н.Б. Ватацы, якая ў канцы 1950-х пачала пошук невядомых аўтографаў і тэкстаў паэта.

Дысертацыя Р. Жалезняка з’яўляецца сёння адзінай крыніцай таго часу, у якой было зафіксавана некалькі тэкстаў М. Багдановіча ці іх фрагментаў, аўтографы якіх для нас страчаны назаўсёды. Аўтар дысертацыі, гэта зразумела з яе зместу, вельмі ўважліва вывучаў архіў паэта, прыклаўшы немалыя намаганні па расчытцы тэкстаў, якая не ўдалася яго папярэднікам-укладальнікам акадэмічнага двухтомніка. На кожны выпадак цытавання Р. Жалязняк робіць спасылку на нумар папкі і нумар аркуша. На адной са старонак на радкі, дзе даследчык каментуе адзін з лістоў М. Багдановіча ў сувязі з датаваннем вершаў зборніка “Вянок”, спасылка аўтара ўразіла нечаканай інфармацыяй: “Большинство писем Богдановича исчезло из его архива в Акад[емии] наук БССР. Письмо, на которое я ссылаюсь частично опубликовано в 1-м томе собр. соч. Богдановича, стр. 450” (БДАМЛМ. Ф. 66. Воп. 1. Адз. зах. 1390. Л. 32). Дык вось – “бальшыня лістоў знікла”. Значыць, не ўсе страты можна звязаць з ваеннымі падзеямі. Тады хто забраў лісты з архіва М. Багдановіча, і ці толькі лісты? Сёння мы павінны з выключнай увагай аднесціся да навуковай працы Р. Жалязняка, асабліва ў той частцы, дзе прыводзяцца і да гэтага часу недрукаваныя тэксты паэта. А на пытанні хто?, і ў якой колькасці магло знікнуць дакументаў з архіўных збораў АН БССР? – мы наўрад хутка знойдзем адказ, ды і ўвогуле ці знойдзем.

У 1930-я г. беларускае літаратуразнаўства да даследаванняў жыцця і творчасці М. Багдановіча звярталася мала. У пачатку 1930-х гадоў выйшлі невялікія артыкулы пад прозвішчамі Л. Бэндэ і М. Піятуховіча, у 1935 г. артыкул А. Кучара “Літаратурная спадчына Максіма Багдановіча” (ЛіМ. 11.09), у 1940 г. – артыкул Р. Жалязняка, які папярэджваў абарону яго кандыдацкай дысертацыі. Але акрамя Р. Жалязняка, да архіва паэта ні Л. Бэндэ, ні А. Кучар ў сваіх артыкулах не апелявалі.

Не назіраецца высокая актыўнасць у даследаванні гэтай тэмы і ў 1940-я гады: некалькі артыкулаў Я. Казекі, Н. Перкіна, Я. Шарахоўскага. На гэтым спіс аўтараў амаль вычэрпваецца.

Новы этап у гісторыі багдановічазнаўства абазначыўся у другой палове 1950-х – 1960-я гады. У гэты перыяд актыўна працуюць у названай галіне С. Майхровіч, С. Александровіч, Н. Кавалёў, А. Адамовіч, М. Барсток, Н. Ватацы, А. Бачыла, да М. Багдановіча ў сваёй творчасці звяртаецца Я. Брыль, А. Лойка, М. Стральцоў, друкуюцца ўспаміны З. Верас, Д. Дзябольскага, Г. Валасовіч-Гразновай і інш. Гэты час пазначаны і многімі знаходкамі невядомых твораў Максіма Багдановіча, дакументаў аб яго жыцці і дзейнасці, а таксама дакументаў яго бацькі Адама Ягоравіча і маці Марыі Апанасаўны, яго братоў, блізкіх сяброў і сваякоў. Найперш трэба адзначыць вялікую пошукавую працу Н. Ватацы, Ю. Пшыркова і А. Бачылы, дзякуючы якім адбыліся многія знаходкі з архіўнай спадчыны паэта і яго сям’і. Алесь Бачыла спрычыніўся і да ўтварэння архіўнага фонду сям’і Багдановічаў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва у канцы 1960-х гг.

На пачатку снежня 1968 г. А. Бачыла, аўтар вядомага нарыса “Дарогамі Максіма”, які выйшаў асобнай кніжкай у 1971 г., перадаў Цэнтральнаму дзяржаўнаму архіву літаратуры і мастацтва БССР дасланы яму з Яраслаўля ліст наступнага зместу: “Если литературный архив захочет приобрести альбом и другие материалы, о которых Вы упоминаете, то я согласна на это … После Николая Адамовича никаких архивов не осталось. Всё, что у него было, он в своё время передал Павлу Адамовичу. Что касается работ Павла Адамовича, то они, по мнению тов. Мазурова, методического характера не имеют… Фотокопия с картины Рафаэля в скором времени будет Вам выслана. С уважением А.И. Богданович” (ліст захоўваецца ў справе фонда сям’і Багдановічаў у БДАМЛМ). Другі ліст, напісаны А. Бачылу і датаваны па паштоваму штэмпелі 18.10.1968, які трапіў у архіў двумя дзесяткамі гадоў пазней ужо з архівам А. Бачылы, мае наступныя радкі: “…Здоровье Павла Адамыча постепенно таяло, и мы все не думали и не ждали столь быстрой развязки, которая наступила 6 октября в четыре часа утра … Теперь о Вашей просьбе. Мать носит фамилию по П. Адамычу, Богданович Августа Ивановна. Что касается архива П. Адамыча, то мы не будем возражать, если им кто-то интересуется или кому нужен. Будем ждать Ваших рекомендаций по этому вопросу. Себе мы оставим немногие вещи на память… В одном из разговоров П. Адамыч просил меня помочь матери в разборе личных дел его и в том, что он хранил… Кузнецов” (БДАМЛМ. Ф. 323. Воп. 1. Адз. зах. 198. Л. 1-3).

Як бачым, ліст, названы другім, быў напісаны праз два тыдні пасля смерці П.А. Багдановіча – асноўнага захавальніка архіўнай спадчыны сям’і.

У сваёй кнізе А. Бачыла не называе канкрэтную дату наведання Яраслаўля і сустрэчы з сям’ёй Багдановічаў. Але з нарыса зразумела, што пры жыцці Паўла Адамавіча гаворка аб перадачы сямейных рэліквій у Беларусь не вялася. “Першае падарожжа па мясцінах звязаных з жыццём Максіма Багдановіча, падарыла мне шмат уражанняў. Асабліва сустрэча з яго братам Паўлам Адамавічам, які жыў у Яраслаўлі. І усё ж поўнасцю сваіх магчымасцяў выкарыстаць не ўдалося. Я меркаваў, што не толькі здолею распытаць у Паўла Адамавіча пра Максімава жыццё, але і пазнаёмлюся з некаторымі сямейнымі дакументамі. Я ведаў, што яны ёсць, нават бачыў, дзе яны ляжалі… Аднак Павел Адамавіч абмежаваўся тады толькі размовай…” (А. Бачыла. “Дарогамі Максіма: (Жыццёвы і творчы шлях М. Багдановіча). Мн., 1971). Далей А. Бачыла зазначае, што другое яго наведванне Яраслаўля адбылося ў хуткім часе пасля смерці Паўла Адамавіча. Думаецца, што гэта было недзе ў сярэдзіне снежня 1968 г. Перад паездкай А. Бачыла, каб заручыцца згодай прадстаўляць літаратурны архіў, і перадасць яго кіраўніку ліст, названы ў самым пачатку. З яго і пачынаецца гісторыя архіўнага фонда сям’і Багдановічаў у Беларусі.

27 снежня 1968 г. А. Бачыла напісаў у архіў ад імя Аўгусты Іванаўны адпаведную заяву, згодна якой перадаў 96 унікальных дакументаў. 60 з іх складалі фотаздымкі з сямейнага альбома Багдановічаў. Дзякуючы А. Бачылу, у Беларусі тады з’явіўся і згаданы пісьменнікам у сваёй кнізе пакет, на якім было пазначана “Дакументы Марылькі”. Імі былі пасведчанні Санк-Пецярбургскай гарадской паліцэйскай управы на права пражывання ва ўсіх гарадах Расійскай імперыі (на адваротным баку білета запіс свяшчэнніка Хмарына-Гарадзецкай царквы Мінскага пав. Пашкевіча аб вянчанні 30 кастрычніка 1888 г. М.А. Мякоты з А.Я. Багдановічам); фотакопія пасведчання М.А. Мякоты аб сканчэнні Мінскага трохкласнага жаночага вучылішча; газета “Гродненские губернские ведомости” за 29 студзеня 1893 г. з адзіным вядомым апавяданнем М. Мякоты-Багдановіч “Накануне рождества”.

26 чэрвеня 1969 г. Алесь Бачыла, зноў-жа па даручэнні Аўгусты Іванаўны, перадае архіву літаратуры і мастацтва яшчэ адну частку дакументаў з сямейнага архіва Багдановічаў: лісты К.П. Пешкавай, фотаздымкі (усяго 50), гранкі ўспамінаў Л. Зайца з Віленскай газеты “Іскра” (у кнізе А. Бачылы ён абазначаны крыптонімам 3-ц. Імя аўтара ўспамінаў было забаронена), квіткі да грашовых пераводаў і інш.

20 верасня 1973 года адбылося чарговае паступленне ў архіўны фонд Багдановічаў, на гэты раз ад Ніны Барысаўны Ватацы. Вядомай падзвіжніцай былі падараваны копіі здымкаў М. Багдановіча, М. Мякоты-Багдановіч, Г.Р. Какуевай.

На пачатку сакавіка 1977 года прадстаўнікі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва наведалі Яраслаўль. Адзіным спадчыннікам А.І. Багдановіч заставаўся яе сын Віктар Мікалаевіч Кузняцоў, да якога і быў скіраваны шлях. 2 сакавіка 1977 г. паміж ім і архівам-музеем было падпісана пагадненне аб перадачы ў архіўны фонд Багдановічаў яшчэ адной часткі ўнікальных дакументаў сям’і: фотаздымкі, завяшчанне А.Я. Багдановіча дзецям, лісты, дакументы да біяграфіі Л.А. Багдановіча і П.А. Багдановіча і інш. Усяго звыш 550 дакументаў. Тады ж былі набыты і дастаўлены ў Мінск прадметы сямейнага побыту Багдановічаў і асабістыя рэчы некаторых членаў сям’і, усяго 38 адзінак: сталовыя прыборы, хатні посуд, скарбонкі і іншыя прадметы, а таксама асабістыя рэчы А.Я. Багдановіча, братоў Льва і Паўла Багдановічаў.

Акрамя апісанага тут фонду сям’і Багдановічаў, дзе ёсць усяго адзін аўтограф М. Багдановіча (паштоўка да брата Льва. Ф. 153. Воп. 2. Адз. зах. 26. Л. 35), архіў-музей мае два аўтографы паэта: у фондзе Беларускага музея імя Луцкевіча (паштоўка у “Нашу Ніву” за 1909 год. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 96. Л. 12) і ў фондзе Я. Раманоўскай (прыватная запіска. Ф. 394. Воп. 1. Адз. зах. 5. Л. 1), а таксама шматлікія дакументы ў розных фондах, якія расказваюць аб жыцці, дзейнасці і ўшанаванні памяці М. Багдановіча.

Вялікай надзеяй на шырокую хаду ў збіранні і вывучэнні спадчыны Максіма Багдановіча стала стварэнне ў 1981 г. музея паэта, які размясціўся ў Траецкім прадмесці ў Мінску. Зараз гэтая ўстанова мае выдатныя здабыткі: як матэрыяльныя рэчы, звязаныя з жыццём М. Багдановіча і яго блізкіх, так і творча-дакументальныя, а таксама шматлікія выданні і даследаванні, прысвечаныя паэту, яго атачэнню і яго часу. Усё гэта, несумненна, служыць развіццю багдановічазнаўства і адначасова з’яўляецца змястоўным нацыянальнай скарбніцы паэта. Гэтую скарбніцу выдатна дапаўняюць дакументы беларускіх архіваў і архіваў краін, дзе былі выяўлены дакументы М. Багдановіча. Акрамя Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, дакументы пра паэта і яго блізкіх захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (пра Мякотаў – продкаў маці М. Багдановіча, пра А.Я. Багдановіча – бацьку паэта і яго продкаў – сялян вёскі Касарычы Бабруйскага пав. Мінскай губ., дакументы, звязаныя з гісторыяй дома ў Мінску, дзе нарадзіўся паэт, і пра самога паэта перыяду, калі ён працаваў у Мінскім аддзеле Беларускага таварыства пацярпелым ад вайны і Мінскай губернскай харчовай камісіі), Нацыянальным гістарычным архіве ў г. Гродна (дакументы аб дзейнасці А.Я. Багдановіча), Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (Ахоўная грамата паўнамоцнага прадстаўніка БССР пры ўрадзе РСФСР, дасланая А.Я. Багдановічу для ажыццяўлення перавозкі ў Беларусь асабістага архіва сына, а таксама дакументы, якія адлюстроўваюць падзеі па ўшанаванні памяці паэта) і інш.

У замежных архівах дакументаў М. Багдановіча захоўваецца не так многа, але ўсе яны для нас вельмі каштоўныя. У Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва захоўваецца паштоўка М. Багдановіча ад 26.04.1912 г. да В. Брусава, аўтографы перакладаў на рускую мову верша Я. Купалы “Жніво” і з украінскай вершаў А. Крымскага, у аддзеле рукапісаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі – ліст М. Багдановіча ад 22.04.1913 да Ф. Корша, у бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны – аўтограф артыкула “Краса и сила. Опыт исследования стиха Т.Г. Шевченко”, у аддзеле рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы – адзінаццаць яго лістоў у “Маладую Беларусь” і “Нашу Ніву”, а таксама шэсць арыгіналаў вершаў і дзевяць перакладаў з П. Верлена, фрагмент артыкула “Глыбы і слаі”.

Вось толькі не пакідае думка пра страчаны асабісты архіў М. Багдановіча. А што, калі яго ўнікальныя папкі ўсё-такі недзе ёсць і чакаюць свайго дзівоснага з’яўлення? І тады, як Я. Дыла ў далёкм 1923 годзе, мы зможам павіншаваць адзін аднаго са “шчаслівым для беларускае культуры днём”.

Аўтар тэксту - Г.В. Запартыка