Да 95-годдзя паэта, празаіка, перакладчыка Хведара Дзмітрыевіча Жычкі (1927-2007)

Х.Жычка. Сакавік 1952 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 2. Адз. зах. 58. Л. 2.
Х.Жычка. “Мы з табой за ўсё ў адказнасці”. Аповесць. Аўтограф. 1957 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 1. Адз. зах. 1. Лл. 1-2.
Х.Жычка. “Адысея пакут”. Паэма. Аўтограф. 20 снежня 1962 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 1. Адз. зах. 28. Лл. 1-2.
Х.Жычка. “Хатынь”. Лібрэта араторыі К.Цесакова. Чарнавы аўтограф. 1972 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 3. Адз. зах. 5. Лл. 2-3.
Н.Хісраў. “Арол”. Верш у перакладзе Х.Жычкі з таджыкскай мовы. В.Брусаў. “Сухое лісце”. Верш у перакладзе Х.Жычкі з рускай мовы. Сшытак. Аўтограф перакладчыка. 1961-1962 гг. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 3. Адз. зах. 45. Лл. 37адв-38.
М. да Фансека. “Каляндная ноч”. Апавяданне ў перакладзе Х.Жычкі з партугальскай мовы. Аўтограф перакладчыка. 1975 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 2. Адз. зах. 38. Лл. 2-2адв.
Х.Жычка ў час службы на Балтыйскім ваенна-марскім флоце. 1947 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 2. Адз. зах. 59. Л. 1.
Х.Жычка. Аўтапартрэт. Папера, аловак, туш, пяро. 1991 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 3. Адз. зах. 54. Л. 2.
Х.Жычка. Малюнак. Папера, аловак, туш, пяро. 1991 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 3. Адз. зах. 51. Л. 7.
Х.Жычка. Пейзаж. Малюнак. Папера, гуаш, туш, пяро. 4 лютага 1962 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 3. Адз. зах. 50. Л. 1.
Х.Жычка. “Мінск. Оперны тэатр”. Малюнак. Кардон, акварэль, туш, пяро. 1990 г. БДАМЛМ. Ф. 194. Воп. 3. Адз. зах. 50. Л. 5.

Хведар Жычка нарадзіўся 20 сакавіка 1927 г. у мястэчку Марс (в. Гелін) Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Вучыўся ў сярэдняй школе г.п. Стрэшын. Шмат чытаў, захапляўся маляваннем, марыў паступіць у Віцебскае мастацкае вучылішча. Але ў лістападзе 1944 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў спачатку ў частках мінскага гарнізона, дзе салдат рыхтавалі на фронт. У 1946 г. дабраахвотнікам пайшоў служыць на Балтыйскі ваенна-марскі флот радавым матросам, потым старшыной радыётэхнічнага аддзялення. Быў актыўным ваенкорам газеты “Страж Балтики”. Завочна вучыўся ў Калінінградскім электратэхнікуме, наведваў вячэрнюю школу палітасветы. У 1951 г. звольнены ў запас.

У тым жа годзе стаў працаваць у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”. З 1953 г. па 1960 г. – загадчык аддзела, літработнік-кансультант газеты “Піянер Беларусі”. У 1959 г. завочна скончыў Літаратурны інстытут імя А.М.Горкага ў Маскве. З 1963 г. – рэдактар Дзяржаўнага камітэта СМ БССР па друку. З 1963 г. па 1965 г. – адказны сакратар рэдакцыі часопіса “Бярозка”. З 1965 г. да 1972 г. – рэдактар, старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва “Беларусь”. З 1972 г. да 1976 г. – галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”. З 1976 г. – старшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1960 г.

Узнагароджаны ордэнам “Знак Почета”, Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалямі.

Памёр 25 ліпеня 2007 г.

Пісаць вершы Х.Жычка пачаў падчас службы на флоце. Дэбютаваў у часопісе “Полымя” ў 1947 г. Удзельнічаў ва Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменнікаў ад Балтыйскага флоту ў 1951 г. Першая кніга – зборнік фельетонаў-апавяданняў для дзяцей “Сукенка ў крапінку” – выйшла ў 1956 г. (сумесна з П.Беразняком). Аўтар зборнікаў паэзіі “Стой на вахце, сэрца” (1961), “Росныя лілеі” (1965), “Настой” (1968), “Абеліск” (1973), “Абавязак” (1979), “Абрус” (1985) і паэмы “Партызанскі праспект” (1975); зборнікаў апавяданняў “Паспелі суніцы” (1966), “Букет вяргіняў” (1970), навукова-папулярных нарысаў “Мая вуліца” (1970), “Старонкі піянерскай гісторыі” (1975) і інш. Пераклаў творы чэшскіх, украінскіх, славацкіх, польскіх і інш. аўтараў. Выдаў зборнік выбраных паэтычных перакладаў “Вокны ў сад” (1987). Склаў анталогію сучаснай чэшскай паэзіі “Высокае неба” (1980). На словы Х.Жычкі напісалі музыку кампазітары І.Кузняцоў, А.Тулышаў.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Хведара Дзмітрыевіча Жычкі (№ 194), які прадстаўлены рукапісамі (аповесці, апавяданні, нарысы, паэмы, вершы, шматлікія пераклады, тэксты выступленняў), перапіскай, матэрыяламі да біяграфіі, фатаграфіямі індывідуальнымі і групавымі, малюнкамі паэта.