Да 135-годдзя пісьменніка, грамадскага дзеяча Змітра Жылуновіча (Цішкі Гартнага; 1887-1937)
Зміцер Хведаравіч Жылуновіч нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль Слуцкага павета. Скончыў двухкласнае вучылішча. Працаваў пастухом, гарбаром, рабочым на заводах. Вялікі ўплыў на фарміраванне яго грамадска-палітычных поглядаў зрабіла капыльская сацыял-дэмакратычная арганізацыя, членам якой ён стаў у 1906 г.
У 1913 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе матэрыяльную і маральную падтрымку яму аказалі Б. Эпімах-Шыпіла і іншыя дзеячы беларускага адраджэння. У Санкт-Пецярбургу З. Жылуновіч ажаніўся з дачкой рабочага Надзеяй Сцяпанаўнай Бяловай. У той час дзеяч працаваў у Беларускім бежанскім камітэце і стаў адным з членаў Беларускай сацыялістычнай грамады (1917 г.). У 1918–1919 гг. быў другім сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, рэдактарам першай савецкай газеты на беларускай мове “Дзянніца”, уваходзіў у склад бюро Беларускай секцыі РКП(б).
У 1921 г. пераехаў у Мінск, дзе разгарнуў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Быў рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь”, часопіса “Полымя”, узначальваў Дзяржаўнае выдавецтва БССР, працаваў намеснікам Наркама асветы БССР і загадчыкам Галоўмастацтва, у Інстытуце гісторыі АН БССР, загадваў выдавецтвам АН БССР (акадэмікам стаў у 1928 г.). У студзені 1923 г. З. Жылуновіч быў прызначаны загадчыкам Цэнтрархіва Беларусі. Знаходзіўся на гэтай пасадзе да красавіка 1929 г.
З. Жылуновіч – празаік, паэт, драматург. Найбольш вядомы яго псеўданім Цішка Гартны. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. на старонках “Нашай Нівы”. У 1913 г. выйшаў зборнік яго вершаў “Песні”. Талент Ц. Гартнага найбольш праявіўся ў прозе. У 1914–1930 гг. пісьменнік працаваў над раманам “Сокі цаліны”, напісаў п’есы “Хвалі жыцця”, “Сацыялістка”, “На стыку”, “Дзве сілы”, апавяданні “Трэскі на хвалях”, “Прысады”, выдаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў “Узгоркі і нізіны” і інш.
У 1936 г. З. Жылуновіч быў арыштаваны, абвешчаны псіхічна хворым і пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе памёр 11 красавіка 1937 г.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца збор дакументаў З. Жылуновіча, матэрыялы якога сабраны яго дачкой Галінай Жылуновіч для выдання збора твораў пісьменніка. Большая іх частка – капійныя. З арыгіналаў у фондзе ўтрымліваюцца першая частка рамана “Сокі цаліны” і ліст да невядомага адрасата. Невялікая колькасць арыгінальных аўтографаў Ц. Гартнага захоўваецца ў фондзе “Калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў г. Вільня” і некаторых асабістых фондах дзеячаў літаратуры Беларусі.