Да 125-годдзя паэта, драматурга, перакладчыка, педагога Міхаіла Дуброўскага (1897-1983)
Міхаіл Георгіевіч Дуброўскі (сапр. Маслакоў) нарадзіўся 3 кастрычніка 1897 г. у в. Казелле Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерніі (цяпер Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці).
Скончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Я. Брусава ў Маскве (1925). У 1925-1926 гг. – навуковы супрацоўнік літаратурнай камісіі Інбелкульта. З 1926 г. да 1941 г. жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у рэдакцыі газеты “Гудок”, літаратурным рэдактарам ва Усесаюзным радыёкамітэце і ў выдавецтве. У 1937-1941 гг. настаўнічаў у сярэдняй школе і адначасова займаўся ў аспірантуры Інстытута філасофіі, літаратуры і гісторыі імя М. Г. Чарнышэўскага.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Башкірыю, дзе працаваў выкладчыкам у педвучылішчы. У сакавіку 1942 г. прызваны ў армію, але ў ліпені таго ж года дэмабілізаваны. Да 1945 г. знаходзіўся на педагагічнай рабоце ў Маскоўскай вобласці і ў Маскве.
Пасля вайны ў розныя гады працаваў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры і мовы Брэсцкага педагагічнага інстытута, выкладчыкам сярэдняй школы ў Маскве, старшым выкладчыкам Гродзенскага педагагічнага інстытута. З 1960 г. на пенсіі.
Першыя вершы М. Дуброўскага былі надрукаваны ў 1918 г. у газеце “Известия Климовичского уисполкома”. Аўтар вершаў, баек, артыкулаў, апавяданняў, крытычных артыкулаў і нарысаў. Напісаў лібрэта “Уласнай рукой” (разам з П. Шастаковым) да оперы М. Чуркіна “Вызваленне працы”. Шмат гадоў аддаў даследаванню сатырычнага напрамку ў беларускай літаратуры, вывучэнню творчасці народнага пісьменніка Беларусі К. Крапівы. Займаўся перакладамі з англійскай, італьянскай, нямецкай, рускай і іншых моў на беларускую.
Памёр 11 верасня 1983 г.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд М. Дуброўскага (Ф. 357), які налічвае каля 600 дакументаў: вершы, вершаваныя апавяданні, байкі, пераклады, перапіска, дакументы да біяграфіі, фатаграфіі.