Да 120-годдзя акцёра, заслужанага артыста БССР Васіля Віктаравіча Воінкава (1902-1986)
Васіль Віктаравіч Воінкаў нарадзіўся 25 красавіка 1902 г. у г. Тыфліс (Тбілісі). У 1917 г. скончыў тыфліскую гімназію і паступіў на працу на нафтаналіўнае судна. У 1918 г. пераехаў у г. Сухумі, дзе працаваў памочнікам правізара ў аптэцы. З 1923 г. стаў членам драматычнага гуртка рабочага клуба. З 1924 г. працаваў у Сухумскім рускім драматычным тэатры. У 1931 г. пераехаў у г. Ніжні Ноўгарад, дзе працаваў у 2-м Горкаўскім драматычным тэатры.
У 1932 г. В. Воінкаў быў залічаны ў трупу Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР у г. Магілёве (у 1941 г. тэатр быў расфарміраваны). У гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1941-1942 гг. працаваў у Омскім драматычным тэатры. У 1943 г. Дзяржаўны рускі драматычны тэатра БССР быў адноўлены і В. Воінкаў аднавіў сваю працу ў ім, дзе і працаваў да выхаду на пенсію ў 1971 г.
З’яўляўся старшынёй аддзялення Беларускага тэатральнага таварыства Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР імя М. Горкага, прымаў актыўны ўдзел у культурным шэфстве над Узброенымі Сіламі СССР. Узнагароджаны ордэнам “Знак Почета” (1955), медалямі і Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1968 г. В. Воінкаву было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны артыст БССР”.
Памёр 4 сакавіка 1986 г.
В. Воінкаў – характарны акцёр, майстар праўдзівага паказу псіхалогіі персанажаў, стварыў шмат яркіх сцэнічных вобразаў. Сярод вядомых роляў: Гадзіншчык (“Кремлевские куранты”), князь Турэнін (“Царь Федор Иоанович”), Тарэлкін (“Смерць Тарэлкіна”), Аргант (“Плутни Скопена”), Трубач (“Егор Булычев и другие”), Бяссеменаў (“Мещане”), Бернарда (“Хитроумная влюблённая”), Галілей (“Симон Коризна”), Міхей (“Главная ставка”), Бацька (“Руины стреляют в упор”), Назар Аўдзеевіч (“Дети солнца”), Фірс (“Вишнёвый сад”).
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Васіля Віктаравіча Воінкава (№ 232), які прадстаўлены тэкстамі роляў, фатаграфіямі ў ролях, праграмамі і фатаграфіямі сцэн са спектакляў Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР імя М. Горкага, дакументамі да біяграфіі, фатаграфіямі артыста на розных мерапрыемствах і сустрэчах.