Да 110-годдзя паэта Аляксея Русецкага (1912-2000)
Аляксей Русецкі (сапр. Бурдзялёў Аляксей Сцяпанавіч, да 1949 г. падпісваўся псеўд. А. Бурдзель) нарадзіўся 4 снежня 1912 г. у мястэчку Студзянец Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Яго прадзед быў прыгонны, дзед – непісьменны, бацька Стэфан – вясковы грамацей, шукальнік лепшай долі, працаваў на шахтах Данбаса, загінуў на фронце ў самым пачатку Першай сусветнай вайны. Змалку і да юнацкіх год будучы паэт жыў у дзеда.
У суседзяў хлапчук
Жыў, баяўся айчыма
З непрыязнымі чорнымі,
Злымі вачыма.
Ён да дзеда ўцёк,
Гадаваў яго дзед
І надзейна-дарослым
Пусціў у свет…
(“Не страляйце мядзведзяў…”. 1997)
Пасля пачатковай школы Аляксей вучыўся ў Касцюковіцкай сямігодцы. У 1935 г. скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны інстытут, быў камандзіраваны ва Узбекістан (тры месяцы вандраваў па кішлаках Ферганскай даліны), працаваў у ветэрынарна-бактэрыялагічных лабараторыях у Маскве (часта ездзіў па саўгасах Краснаярскага краю і Хакасіі), затым у Мінску.
З пач. 1942 г. і да заканчэння вайны А. Русецкі – на фронце. Напярэдадні вайны з Японіяй накіраваны разам з вайсковай часткай у Манголію. Праз раку Халхін-Гол, горны хрыбет Хінган прайшоў да Харбіна, Мукдэна і, нарэшце, Порт-Артура, дзе праслужыў паўтара гады.
У 1947 г. вярнуўся ў Мінск. Працаваў літкансультантам у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, у рэдакцыях часопісаў “Беларусь” і “Полымя”.
Першыя вершы А. Русецкі апублікаваў у 1935 г. Яго першы зборнік “У заўтрашні свет” (1951) – яркая старонка біяграфіі ваеннага пакалення. Зборнікі А. Русецкага “Святло акон тваіх” (1959), “Усход і Захад” (1962), “Служба святла” (1967), “Зямля гаворыць зорам” (1971), “Позірк” (1977), “Крокі сэрца” (1980), “Хвала жыццю” (1987) змяшчаюць вершы, якія перадаюць успаміны аўтара пра вайну, уражанні паэта ад яго далёкіх паездак, а таксама пачуццёвыя вершы, прысвечаныя каханню, прыродзе, зямлі.
У белым-белым ты ў закутак мой
зайшла і ціхай госцяй пасядзела,
здалася мне чаромхаю лясной;
цяпер табою поўны ўвесь пакой,
нібы пасля густой чаромхі белай…
І мроіцца мне родны кут лясны
і ты, як госця з даўняе вясны. (1958)
Творы А. Русецкага вылучаюцца высокімі іннтэлектуальнымі вартасцямі. Шмат у паэта філасофскіх вершаў з усведамленнем экалагічных праблем і адказнасці чалавека за лёс планеты, з выразным гуманістычным пошукам і клопатам пра будучыню.
Былі ў паэта і тэндэнцыйныя вершы савецкага часу, якім бракавала ўнутранай разняволенасці і шырыні гучання.
Каралі цяжкаю мы карай
Усіх, як чужы элемент,
каго спакушала гітара –
мяшчанскай нуды інструмент.
Жыла камсамольская годнасць,
Не ведала моднай журбы,
І любы нам песні паходнай
Быў тупат і голас трубы. (1971)
Зборнік “На зломе лёсу” (1995) набывае новае гучанне ў творчасці А. Русецкага. Акрамя прывычных тэм, паэт агучвае даўно набалелае, але не выказанае дагэтуль у вершах.
Запозна выкрываецца мана,
няўжо ж у гэтым і мая віна,
што прыляцеў з вядомага ўсім выраю
з душою і даверлівай і шчыраю?
Любіць працоўны люд, сваю зямлю
вучылі дбайна яснавокіх дзетак
і піянерскі аддаваць салют
правадырам, кіраўнікам Саветаў,
хто засядаў пад Леніна партрэтам.
(“Выкрываецца мана”. 1988)
Вершы з названага зборніка: “Не праведнікам жыў” (1987), “Хаджу спавядацца соснам” (1988), “Пахаванне ідэі” (1990), “Ваўкалакі шэрыя” (1991), “Беларусы, мы ў сваёй дзяржаве?” (1992) і інш. – змяшчаюць пачуцці расчаравання ў былых ідэалах, перасцерагаюць перад старымі падманамі, што хаваюцца пад прыгожымі ідэямі. Вельмі моцна цяпер у паэта гучаць гістарычная і патрыятычная тэмы: “Крумкач нашага лёсу” (1991), “Устань, Няміга!” (1992), “Караліна Яцына” (1992) і інш.
“На апошнім прыстанку” (2012) – зборнік, які склаў напрыканцы жыцця сам Аляксей Русецкі, але выдадзены ён быў ужо пасля смерці паэта. У кнігу ўвайшлі творы, напісаныя паэтам у апошнія гады жыцця. Паэтычныя накіды і дзённікавыя запісы, што дапоўнілі зборнік, адкрылі чытачу шчымлівыя думкі аўтара пра сябе і пра свае творы. “З дзесяці маіх паэм – тры найлепшыя па ідэйна-мастацкаму выяўленню і сугучнасці з часам іх напісання. Гэта – “Яго вялікасць”, “Маналог зямлі”, “Насланнё”. Яны адпавядаюць і маім перакананням, і поглядам на ўсё ў час іх стварэння. 06.04.2000.” Паэма “Насланнё” была ўключана аўтарам у зборнік “На апошнім прыстанку”.
Мусібыць і я загасцяваўся,
Усё хутчэй няўмольны час,
Хай сасніцца любая зямля ўся
На світанні мне апошні раз… (2000)
А. Русецкі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і двума Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі; заслужаны работнік культуры Беларусі.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае асабісты фонд Аляксея Русецкага, які змяшчае больш за 100 дакументаў, сярод якіх: рукапісы вершаў, пісьмы да А. Русецкага (І. Барашкі, І. Васілеўскага, О. Вацыеціса, У. Дубоўкі, В. Ліўземніекса і інш.), фатаграфіі паэта (індывідуальныя і ў групах з літаратарамі) і шмат фатаграфій дзеячоў беларускай і іншых культур.
У бібліятэцы БДАМЛМ захоўваюцца зборнікі А. Русецкага з дароўнымі надпісамі І. Гурскаму, С. Грахоўскаму, П. Кабзарэўскаму, Н. Гілевічу, І. Шамякіну, П. Панчанку. Пасмяротны зборнік А. Русецкага “На апошнім прыстанку” быў перададзены ў архіў-музей унучкай паэта.