Да 110-годдзя празаіка, крытыка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Барысавіча Карпава (1912-1977)

У.Карпаў. 1972 г. Фота У.Крука. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 370. Л. 17.
У.Карпаў. “Нямігі крывавыя берагі”. Раман. Кніга першая. Машынапіс з аўтарскай праўкай. 1948-1962 гг. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 2. Л. 4.
Ф.М.Бараноўскі. Ілюстрацыі да рамана У.Карпава “Нямігі крывавыя берагі”. Папера, цынкаграфія, друкаваная копія. 1960 г. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 284. Лл. 1-4.
У.Карпаў. “Без нейтральнай паласы”. Аповесць. Аўтограф. 1948-1949 гг. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 59. Л. 1.
У.Карпаў. “Прызнанне ў нянавісці і любові”. Кніга апавяданняў і ўспамінаў. Машынапіс з аўтарскай праўкай. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 69. Л. 2.
У.Карпаў (справа) з баявымі таварышамі. Копія. 1943-1944 гг. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 372. Л. 2.
У.Карпаў на сустрэчы ўдзельнікаў партызанскага руху Лагойшчыны. 1963 г. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 374. Л. 3.
У.Карпаў на сустрэчы з чытачамі ў Парку Чалюскінцаў. 1960-я гг. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 375. Л. 4.

Уладзімір Барысавіч Карпаў нарадзіўся 13 (26) лютага 1912 г. у г. Хвалынску Саратаўскай вобласці. У 1920 г. пераехаў у в. Ёлча Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1929 г. сярэдняй школы працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў г. Рэчыца. У 1930-1937 гг. настаўнічаў у розных вёсках Брагінскага раёна. У 1937-1941 гг. працаваў загадчыкам навуковай часткі, затым дырэктарам Даўганіўскай сярэдняй школы Сіроцінскага раёна Віцебскай вобласці. У 1941 г. завочна закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Карпаў – падпольшчык, партызан, разведчык, намеснік камандзіра спецгрупы Мінскага абкама КП Беларусі. З разведкай Чырвонай Арміі ўвайшоў у Мінск у першы дзень яго вызвалення.

У 1944-1955 гг. – літработнік у рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия”, у 1945-1947 гг. – адказны сакратар у газеце “Літаратура і мастацтва”, у 1947-1960 гг. – рэдактар, потым загадчык аддзела прозы і драматургіі ў часопісе “Полымя”. З 1960 г. займаўся літаратурнай дзейнасцю.

Памёр 6 жніўня 1977 г. Імем пісьменніка названа вуліца ў Мінску.

Аўтар твораў, прысвечаных барацьбе беларускіх партызан і падпольшчыкаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі Беларусі: раманы “За годам год” (1957), “Вясеннія ліўні” (1961), “Нямігі крывавыя берагі” (1962), “Сотая маладосць” (1971), аповесці “Абаронцы будучыні” (1948), “Без нейтральнай паласы” (1950) і інш. Аўтар кнігі ўспамінаў і апавяданняў “Прызнанне ў нянавісці і любві” (1976). Даследаваў творчасць К.Чорнага, М.Лынькова, К.Крапівы.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Уладзіміра Барысавіча Карпава (№ 305), які прадстаўлены рукапісамі яго твораў (раманы, аповесці, апавяданні, нарысы, артыкулы, нататкі, рэцэнзіі і інш.), перапіскай, матэрыяламі да біяграфіі, службовай і літаратурнай дзейнасці, калекцыяй фатаграфій, матэрыяламі, сабранымі пісьменнікам для сваіх работ.