Аляксандра Паслядовіч. Да 100-годдзя з дня нараджэння

А.А. Паслядовіч. [1960-я гг.]
Анімалістычныя замалёўкі. [1970-я гг.]
Анімалістычныя замалёўкі. [1970-я гг.]
“Дзяўчынка ў пачцы”. Папера, літаграфія. 1954 г.
А.А. Паслядовіч з сяброўкамі. [1930-я гг.]
“Беларуская жанчына”. Папера, пастэль. 1958 г.
А.А. Паслядовіч. [1940-1950-я гг.]
А.А. Паслядовіч. [1950-1960-я гг.]
А.А. Паслядовіч. [1950-1960-я гг.]
“Венецыя”. Папера, сухая ігла. 1968 г.
“Малады мастак”. Папера, акварэль. 1953 г.
Эскізы да кампазіцый. Папера, аловак, акварэль. [1970-я гг.]
“Банковский мост”. Літаграфія. 1953 г.
“Банковский мост”. Падкаляраваная літаграфія. 1953 г.
“Мастачка В. Жолтак”.Папера, акварэль. 1958 г.
Работа, вылучаная на прысуджэнне Дзяржаўнай прэміі БССР. 1988 г.
А.А. Паслядовіч з аднакурсніцай. [1940-я гг.]
“Шахцёр”. Папера, літаграфія. 1958 г.
Дыплом VI Талінскай выстаўкі, атрыманы А.А. Паслядовіч за акварэльныя творы. 1983 г.
Пасведчанні да сярэбранага і бронзавага медалёў ВДНГ, выдадзеныя А.А. Паслядовіч. 1963, 1969 гг.
“Сымон-музыка”. Ілюстрацыя да паэмы Я. Коласа. Папера, тыпаграфскі адбітак. 1957 г.
“Сымон-музыка”. Ілюстрацыя да паэмы Я. Коласа. Папера, тыпаграфскі адбітак. 1957 г.
“Дрэва вады”. Ілюстрацыя да збора твораў індыйскіх пісьменнікаў. Папера, пяро, туш, бялілы. 1958 г.
Ілюстрацыі да нявызначаных твораў. Папера, пяро, туш, бялілы, лінагравюры. [1960-я гг.]
Ілюстрацыі да нявызначаных твораў. Папера, пяро, туш, бялілы, лінагравюры. [1960-я гг.]
Ілюстрацыі да нявызначаных твораў. Папера, пяро, туш, бялілы, лінагравюры. [1960-я гг.]
Ілюстрацыі да нявызначаных твораў. Папера, пяро, туш, бялілы, лінагравюры. [1960-я гг.]
Ілюстрацыі да нявызначаных твораў. Папера, пяро, туш, бялілы, лінагравюры. [1960-я гг.]
Ганаровая грамата прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб прысваенні звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР на імя А.А. Паслядовіч. 12 красавіка 1963 г.
Дыплом лаўрэта Дзяржаўнай прэміі БССР на імя А.А. Паслядовіч за графічныя лісты “Жанчына са збанам”, “На адпачынку”, “Святочны дзень” і інш. (пасмяротны). 28 снежня 1988 г.
А.А. Паслядовіч. [1940-я гг.]
А.А. Паслядовіч з сяброўкамі. [1940-я гг.]
“Балгарская песня”. З серыі “Па Балгарыі”. Папера, лінагравюра, акварэль. 1963 г.

Аляксандра Ануфрыеўна Паслядовіч нарадзілася 23 красавіка 1918 года ў Мінску, у сям’і чыгуначнага служачага. З 15 гадоў наведвала прыватную студыю беларускага жывапісца Валянціна Віктаравіча Волкава.

У 1938 годзе, скончыўшы 9 класаў, паступіла на другі курс Віцебскага мастацкага вучылішча. Яе выкладчыкамі былі Іван Восіпавіч Ахрэмчык, Леў Мееравіч Лейтман, Фёдар Адольфавіч Фогт і інш.

Аднак скончыць навучанне ў вучылішчы Аляксандры Паслядовіч не давялося, калі яна перайшла на пяты курс, пачалася Вялікая Айчынная вайна. А.Паслядовіч эвакуіравалася ў Куйбышаўскую вобласць, дзе працавала ў калгасе. У 1942 годзе Аляксандра Ануфрыеўна прыехала ў Казань. Там яна уладкавалася кантралёрам на авіязавод. Вясной гэтага ж года пераехала ва Уфу, дзе некаторы час працавала экскурсаводам у Мастацкім музеі.

Увосень 1943 года Аляксандра Ануфрыеўна паступіла ў Ленінградскую акадэмію мастацтваў (пазней Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна) на факультэт жывапісу. Акадэмія ў час яе паступлення знаходзілася ў эвакуацыі ў Самаркандзе, у канцы 1943 года пераехала ў г. Загорск, а адтуль, увосень 1944 г., у Ленінград.

Выкладчыкамі жывапісу ў Паслядовіч у гэты перыяд былі: кіраўнік персанальнай майстэрні пры акадэміі мастацтваў Аляксандр Александровіч Асмёркін і Глеб Александровіч Савінаў (сын вядомага мастака, прафесара Аляксандра Савінава); малюнак выкладаў прафесар Сямён Львовіч Абугаў, дзякуючы якому Паслядовіч захапілася графікай, і на чацвёртым курсе перайшла на аддзяленне графікі (1943-1950 гг.). Там яе педагогамі былі Кастусь Івановіч Рудакоў (жывапіс, кампазіцыя), Уладзімір Міхайлавіч Канашэвіч, а пазней – Генадзь Дзмітрыевіч Епіфанаў (кніжная графіка). Дыпломнай работай студэнткі Паслядовіч сталі ілюстрацыі да рамана Веры Кетлінской «Мужество». Па выніках абароны дыплома Аляксандра Паслядовіч атрымала адзнаку «добра» і званне мастака-графіка.

Пасля навучання А.Паслядовіч засталася жыць у Ленінградзе. З 1953 года брала ўдзел у мастацкіх выставах, працавала ў выдавецтвах «Молодая гвардия», «Лениздат», «Госиздат», афармляла і ілюстравала кнігі. З 1954 г. – член Саюза мастакоў Ленінграда.

У 1957 г. па стане здароўя А.Паслядовіч вярнулася на радзіму, у Мінск. Тут яна актыўна займалася творчай працай у галіне кніжнай графікі. Аўтар ілюстрацый да кніг "Сымон-музыка" і "Рабакова хата" Якуба Коласа, збора твораў індыйскіх пісьменнікаў "Дрэва вады", "Кацярына" Тараса Шаўчэнкі (у сааўт. з Віктарам Сахненкам) і інш. А.Паслядовіч шмат падарожнічала: наведвала Балгарыю (у 1963 і 1972 гг.), Італію (у 1965 г.), Францыю (у 1972 г.). Пасля кожнай вандроўкі Аляксандра Ануфрыеўна пакідала нататнік з замалёўкамі і запісамі.

Апроч таго, мастачка захаплялася вандраваннямі па Беларусі, падчас якіх займалася зборам розных этнаграфічных матэрыялаў, рабіла замалёўкі, накіды, эскізы, што потым паслужылі для стварэння цэлых графічных серый і цыклаў.

У 1963 г. Аляксандра Паслядовіч атрымала званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

З 1964 па 1966 гг. Паслядовіч выкладала ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Потым зноў займалася толькі ўласнай творчасцю.

Аляксандра Паслядовіч працавала ў розных тэхніках станковай графікі. Але, прынята лічыць, што найбольшых поспехаў яна дасягнула ў тэхніцы літаграфіі. На Беларусі Паслядовіч лічыцца заснавальнікам каляровай літаграфіі. Мастачка скарыстоўвала ў сваіх работах традыцыі народнага мастацтва. Найбольш поўна гэта раскрываецца ў серыі "Жанчыны Палесся" (1965). Сярод асноўных твораў: серыі "Поры года", "Па родным краі", "Закарпацце", "Па Палессі", "Па Італіі", "Па Балгарыі", "Працоўныя Палесся", "Людзі калгаснай вёскі", "Беларускія жанчыны", "Народныя майстры", "Беларускія народныя святы", "Па матывах беларускіх народных песень", а таксама шэраг партрэтаў і нацюрмортаў.

Памерла А.А. Паслядовіч 23 красавіка 1988 г. Пасмяротна, 28 снежня 1988 г. узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР за графічныя лісты "Жанчына са збанам", "На адпачынку", "Святочны дзень", "Надыход ночы", "Саламяная птушка" і цыкл "Беларускі нацюрморт".

Змешчаная тут выстава заснавана на дакументах і матэрыялах, якія захоўваюцца ў сямейным фондзе графіка Аляксандры Ануфрыеўны Паслядовіч і яе мужа, мастака Віктара Іванавіча Сахненкі (ф. 235). Дакументы сямейнага фонда паступілі ў архіў-музей у 1979 г. ад самой мастачкі, а ў 1994 г. ад яе сястры Зінаіды Ануфрыеўны Грыдзінай. Дакументы архіва А.А.Паслядовіч складаюць 143 справы (483 дакументы) за 1930-я – 1988 гг. Выстава мае на мэце ўшанаваць 100-годдзе таленавітага майстра і яшчэ раз звярнуць увагу на яе асобу і творчасць.

15 чэрвеня 2018 г.

Выставу падрыхтавала вядучы архівіст К.М.Петухова