"Жыццё на зломе маланкі": да 70-годдзя з дня нараджэння Валянціны Коўтун

В.М.Коўтун. 1960-я гг.
В.М.Коўтун падчас абароны кандыдацкай дысертацыі. 1979 г.
В.М.Коўтун. 1985 г. Грэцыя.
В.М.Коўтун каля царквы Св. Марыі Магдаліны. 1995 г. Мінск.
В.М.Коўтун з сынам Міхасём. [1975 г.]
В.М.Коўтун з сям’ёй. [1980 г.]
В.М.Коўтун з сябрамі. 1977 г.
В.М.Коўтун, С.Красікаў і Л.Кашкурэвіч. 1980-я гг. Каралішчавічы.
В.М.Коўтун падчас сустрэчы ў Доме Літаратара. 1985 г. Мінск.
В.М.Коўтун каля помніка на магіле Л.Геніюш. 1994 г. Зэльва.
В.М.Коўтун, Р.Марчук, А.Разанаў і [У.Паўлаў]. 1980-я гг.
Ю.Свірка, У.Карызна, У.Караткевіч, Я.Янішчыц, В.Коўтун падчас творчага вечара з украінскімі чытачамі. [1976 г.]
М.Лужанін, В.М.Коўтун, Н.Загорская і Н.Тулупава. [1986 г.]
В.Шніп, Н.Гальпяровіч, Т.Нуждзіна і В.М.Коўтун каля помніка А.Пашкевіч. 02.07.2006. Шчучын.
Пасведчанне аб прысваеннi квалiфiкацыi медыцынскай сястры грамадзянскай абароны В.М.Коўтун. 22.06.1967. Львоў.
Дыплом кандыдата філалагічных навук В.М.Новік (Коўтун). 16.01.1980. Масква.
Службовыя пасведчанні рэдакцый “Сельскай газеты” і часопіса “Полымя” В.М.Коўтун. 1970-я гг.
Пасведчанні члена Саюза пісьменнікаў БССР і Саюза пісьменнікаў Украіны В.М.Коўтун. 1970-1990-я гг.
В.М.Коўтун. “Крыж міласэрнасці”. Раман. Накіды. Аўтограф.
В.М.Коўтун. “Крыж міласэрнасці”. Раман. 1988 г. Друкаванае выданне з праўкамі аўтара.
В.М.Коўтун. “Крыж міласэрнасці”. Раман. 1988 г. Друкаванае выданне з праўкамі аўтара.
В.М.Коўтун. “Над садам Іарданскім”. Раман-містэрыя. Накіды раздзелаў. 2007-2009 гг. Аўтограф, машынапіс.
В.М.Коўтун. “Пакліканыя”. Аповесць (раман). Версіі. 2000 г. Аўтограф, машынапіс з аўтарскай праўкай.
В.М.Коўтун. “Спасам пакліканыя”. Кінараман. 1990-я гг. Часопісная публікацыя.
В.М.Коўтун. “Спасам пакліканыя”. Кінараман. 1990-я гг. Часопісная публікацыя.
В.М.Коўтун. “Шлях палачанкі”. Драматычная паэма. Чарнавы варыянт. 2000-я гг. Машынапіс з аўтарскай праўкай.
В.М.Коўтун. “Малітва да Калымы”. П’еса. Чарнавы варыянт. 2009 г. Машынапіс з аўтарскай праўкай.
В.М.Коўтун. “Кветкі Эльгена”. Драматычная містэрыя. Чарнавы варыянт. 2000-я гг. Машынапіс з аўтарскай праўкай.
В.М.Коўтун. “Шлях палачанкі”. Лібрэта оперы. Накіды раздзелаў. 2000-я г. Аўтограф.
В.М.Коўтун. “Шлях палачанкі”. Лібрэта оперы. Чарнавы варыянт. 2000-я г. Машынапіс з аўтарскай праўкай.
В.М.Коўтун. “Вясельны хутар” (“Рэквіем для паэтэсы”). Драматычная містэрыя. Чарнавы варыянт. 2008 г. Машынапіс з аўтарскай праўкай, выразка з газеты.
В.М.Коўтун. “Крыж Ігуменні”. Драматычная містэрыя. Варыянты. 2000-я гг. Выразка з часопіса, машынапіс з аўтарскай праўкай.
В.М.Коўтун. “Малітва да Калымы”. Цыкл вершаў. Варыянты. Аўтограф.
В.М.Коўтун. “Малітва да Калымы”. Цыкл вершаў. Варыянты. Аўтограф, машынапіс.
Старонкі сшыткаў з асабістымі запісамі В.М.Коўтун. Аўтограф.
В.Новік (В.М.Коўтун). “Песні яе дарог”, “Яе асабісты знак”. Публіцыстычныя артыкулы. 1975-1976 гг. Выразкі з часопісаў.
В.М.Коўтун. “Малітва ў дарогу”. Артыкул. 2000-я гг. Выразка з газеты.
В.М.Коўтун. “Шлях да святой Ефрасінні”. Артыкул. 05.03.1994 г. Выразка з газеты “Звязда”.
В.М.Коўтун. “Belarusian Women Defend Human Rights and the Environment”. Артыкул. 1999 г. Выразка з часопіса “Give & Take”. Копія.
В.М.Коўтун. Чарнавыя варыянты артыкулаў. Аўтограф.
В.М.Коўтун. “Стала песняю ў народзе” (асоба і творчасць Цёткі ў кантэксце станаўлення беларускай класікі. Дапаможнік для настаўнікаў. Машынапіс.
В.М.Новік (Коўтун). “Поэтическая структура белорусской любовной внеобрядовой песни”. Дысертацыя. 1979 г. Машынапіс.
В.М.Коўтун. “Колосья”, “Рябины”. Вершы. Пераклад на рус. мову І.Бурсава, Б.Крывілевіча. 1984 г. Выразка з часопіса “Нёман”.
Леся Беларуска (В.М.Коўтун). “Колымская молитва”, “Тишина”, “Символика”, “В лагерном бараке”. Вершы. Пераклад на рус. мову Г.Умывакінай. 2000 г. Выразка з “Новой газеты”.
В.М.Коўтун. “Нехай наш світ не зрушиться нічим”. Верш. Пераклад на укр. мову Л.Гарбенка. Машынапіс.
В.М.Коўтун. “Цыган нагмасы”, “Омур”, “Кене баллада”. Вершы. Пераклад на тадж. мову Т.Садыкава. Выразка з газеты.
У.Нястайка. “Незнаёмы з трынаццатага пакоя”. Частка другая трылогіі “Тарэадоры з Васюкоўкі”. Пераклад з укр. мовы В.М.Коўтун. Аўтограф.
Валянціна Коўтун. “На ўзлёце дня”. Вершы і паэмы. Мінск: Мастацкая літаратура. 1977. (Інв. №16826)
Валянціна Коўтун. “На зломе маланкі”. Мінск: Мастацкая літаратура. 1981. (Інв. №16657)
Валянціна Коўтун. “Метраном”. Кніга паэзіі. Мінск: Мастацкая літаратура. 1985. (Інв. №16827)
Валянціна Коўтун. “Крыніца паэзіі”. Мінск: Народная асвета. 1987. (Інв. №27825)
Валянціна Коўтун. “Калінавая гронка залатая”. Мінск: Юнацтва. 1988. (Інв. №11370)
Valiancina Koutun. “Gailestingumo kryžius”. Vilnius: Alma littera. 1997.
Валянціна Коўтун. “Свяча любові”. Мінск: Лімарыус. 2006. (Інв. №27535)
Леся Беларуска (В.Коўтун). “Малітва да Калымы”. Мінск: Лімарыус. 2009.
Валянціна Коўтун. “Выбранае”. Мінск: Лімарыус. 2011.

"Жыццё на зломе маланкі"

(да 70-годдзя з дня нараджэння Валянціны Коўтун - паэтэсы, празаіка, драматурга, перакладчыка, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча)

Імя Валянціны Коўтун увайшло ў беларускую літаратуру ў сярэдзіне 1960-х гадоў і стала адным са знакавых у яе гісторыі. Трываласць памяці пра пісьменніцу ўгрунтавана яе таленавітымі творамі, тым, што свой творчы лёс звязала з вялікімі дзяячкамі беларускага народа Еўфрасінняй Полацкай і Алаізай Пашкевіч (Цёткай), тым, што сама несла народу асвету і сцвярджала ўпэўненасць у перамозе Дабра.

Коўтун Валянціна Міхайлаўна (па мужу Новік) нарадзілася 6 красавіка 1946 г. у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. у сям’і настаўнікаў Міхаіла Фёдаравіча і Ганны Раманаўны Колтунаў. Сем класаў будучая паэтэса скончыла ў Сушыцкай сярэдняй школе, а пасля пераводу бацькоў на працу ў Жабчыцкую пачатковую школу, вучылася ў бліжэйшай Малоткавіцкай СШ, якую скончыла ў 1963 г. 1 верасня таго ж года Пінскім райана была накіравана на працу піянерважатай у Паршэвіцкую СШ (цяпер Бярозавіцкая), дзе працавала да верасня 1964 г. У верасні 1964 г. стала студэнткай рускага аддзялення філалагічнага факультэта Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Франко. 9 красавіка 1968 г., шляхам пераводу з Львоўскага ўніверсітэта, была залічана на 4 курс рускага аддзялення філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта. Поўны курс універсітэта скончыла ў 1969 г. і была накіравана на працу настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Гудагайскую вячэрнюю школу Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Але да працы ў названай школе не прыступіла і была перанакіравана ў Варнянскую сярэднюю школу таго ж Астравецкага раёна. 25 жніўня 1970 г. на падставе ўласнай заявы была звольнена з працы настаўніка і ўжо на наступны дзень залічана на пасаду літаратурнага кансультанта ў рэдакцыю “Сельскай газеты”. У газеце В.М.Коўтун працавала амаль 6 гадоў. Гэта былі гады яе актыўнай творчай працы і творчага сталення, калі выйшла ў друку некалькі дзесяткаў паэтычных твораў, першы зборнік “Каляровыя вёслы”, адбылося многа знакавых сустрэч і падзей, якія адыгралі ў лёсе пісьменніцы выдатную ролю. Важным у яе жыцёвым выбары быў пераход 16 ліпеня 1976 г. на пасаду літаратурнага супрацоўніка часопіса “Полымя”. Праз тры гады, 3 верасня 1979 г., В.М.Коўтун была прызначана на пасаду рэдактара крытыкі і літаратуразнаўства названага часопіса. У гэты ж перыяд яна скончыла завочна аспірантуру БДУ і ў 1979 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Паэтычная структура беларускай пазаабрадавай песні пра каханне”.

3 лістапада 1982 г. стала намеснікам галоўнага рэдактара толькі што створанага выдавецтва “Юнацтва”. Але на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара прабыла нядоўга і папрасілася на больш актыўную творчую працу з аўтарамі. Так 19 красавіка 1983 г. была пераведзена на пасаду загадчыка рэдакцыі літаратуры для юнацтва. Адпрацаваўшы ў выдавецтве сем гадоў, 29 снежня 1989 звольнілася з фармулёўкай “у сувязі з выхадам на творчую працу”. Узяўшы кароткую паўзу, В.М.Коўтун 14 мая 1990 г. вярнулася да працы ў часопісе “Полымя” ў якасці старшага рэдактара аддзела прозы і з 1 снежня гэтага ж года стала рэдактарам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства. 2002 год прынёс вялікія змены ў жыццё літаратурнай перыёдыкі Беларусі. Рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць” і інш. былі аб’яднаны ў адзіную Рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Літаратура і мастацтва” і В.М.Коўтун, не пакідаючы свайго працоўнага месца, 17 ліпеня 2002 г. была залічана рэдактарам аддзела “рэдакцыя часопіса “Полымя” названай рэдакцыйна-выдавецкай ўстановы. Для пісьменніцы гэта быў вельмі няпросты перыяд: арганізацыйныя складанасці новастворанай РВУ, унутраныя канфлікты моцна адбіваліся на творчых планах. 29 кастрычніка 2003 г. В.М.Коўтун звольнілася з працы ў РВУ па ўзгадненні бакоў, каб цалкам прысвяціць час ажыццяўленню творчых задум. Пісьменніца працуе над раманам “Пакліканыя”, драматычнымі творамі, цыклам вершаў “Малітва да Калымы”, якія яна стварыла пад імем Лесі Беларускі. Праз тры гады В.М.Коўтун зрабіла яшчэ адну спробу вярнуцца да рэдакцыйнай працы. 6 сакавіка 2006 г. яна была прынята на пасаду рэдактара аддзела “рэдакцыя часопіса “Маладосць” Рэдакцыйна-выдавецкай ўстановы “Літаратура і мастацтва”. Па сканчэнні працоўнай дамовы 5 сакавіка 2007 г. яна звольнілася і больш да рэдакцыйнай працы не вярталася.

Першыя паэтычныя творы В.М.Коўтун надрукавала ў 1966 г. у львоўскай газеце “Ленінська молодь” у перакладзе на ўкраінскую мову. У гэтым жа годзе яе вершы з’явіліся ў газеце “Літаратура і мастацтва” (“Чорны бусел”, “Золак – лось сахаты…”, “Над вёскаю зялёныя аблокі…” і інш.) і газеце “Чырвоная змена”. Выдала зборнікі вершаў і паэм “Каляровыя вёслы” (1971), “На ўзлёце дня” (1977), “На зломе маланкі” (1981), “Мы робім казку” (1983), “Метраном” (1985), “Вясёлы заасад”(1986), “Лісты да цябе” (1988), “Свяча любові” (2006), “Малітва да Калымы” (2009). За кнігу “Метраном” паэтэса ў 1986 г. была адзначана Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А.Куляшова.

В.М. Коўтун з’яўляецца аўтарам шэрагу празаічных твораў, сярод якіх раман “Крыж міласэрнасці” (1988), прысвечаны выдатнай беларускай паэтэсе і грамадскай дзяячцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы), раман “Пакліканыя” (2007), прысвечаны беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай, а таксама шматлікія апавяданні, частка якіх склала выдадзены ў 1988 г. зборнік “Калінавая гронка залатая”. Апошнія гады жыцця В.М.Коўтун працавала над раманам пад рабочай назвай “Над садам Іарданскім”, які так і не быў завершаны.

Выявіла сябе В.М.Коўтун і як таленавіты драматург. Пра гэта яскрава гавораць яе п’еса “Вясельны хутар”, прысвечаная выдатнай беларускай паэтэсе Яўгеніі Янішчыц, драматычная містэрыя “Крыж Ігуменні”, драма “Шлях палачанкі”, якая атрымала назву першага беларускага хрысціянскага эпасу. В.М. Коўтун стварыла сцэнарыі і лібрэта паводле сваіх раманаў “Крыж міласэрнасці” і “Пакліканыя”, а ў 1994 г. па яе, сумесна з Ф.Коневым, сцэнарыі па рамане “Крыж міласэрнасці” быў пастаўлены аднаіменны фільм.

В.М.Коўтун вядомая і як перакладчыца мастацкай літаратуры з балгарскай, літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншых моў. Яна пераклала паэтычныя творы В.Радзінскай (Балгарыя), А.Балтакіса (Літва), М.Траат (Эстонія), Б.Грушкі-Чыж (Польшча), Б.Алейніка, Л.Кастэнка, Р.Лубкіўскага (Украіна), М.Камісаравай (Расія), Нізамі і інш., празаічныя творы А.Забужкі і У.Нястайкі з украінскай, Р.Эзеры з латышскай і інш.

Выдатны ўнёсак зрабіла В.М.Коўтун і ў беларускае літаратуразнаўства. Яе даследчыцкаму пяру належаць працы па гісторыі беларускай літаратуры і міжлітаратурных сувязяў, народнай творчасці, сярод якіх “Святло народнага слова:Паэтычны лад беларускай народнай песні” (1984), “Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі” (1987), шматлікія артыкулы аб творчасці Цёткі, Янкі Купалы, Максіма Танка, Пімена Панчанкі і інш.

Творчую, навуковую і рэдакцыйную працу В.М.Коўтун сумяшчала з актыўнай грамадскай працай. У 1993 г. па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам быў створаны Усебеларускі жаночы фонд Еўфрасінні Полацкай, культурна-асветніцкая грамадская арганізацыя, якая плённа працавала да 2005 г. За дванаццацігадовы перыяд дзейнасці Фонду, і найперш неверагоднымі стараннямі В.М.Коўтун, арганізоўвалася асветніцкая праца сярод насельніцтва, праводзіліся міжнародныя кангрэсы, канферэнцыі, творчыя сустрэчы, наладжвалася  міжнароднае супрацоўніцтва, на выдатным узроўні тварылася народная дыпламатыя. У гэты перыяд В.М.Коўтун праявіла сябе і як лідар беларускага жаночага руху і яго палымяны публіцыст.

Выдатная дачка свайго народа, нястомная працаўніца Валянціна Міхайлаўна Коўтун пайшла з жыцця раптоўна 30 красавіка 2011 г., адсвяткаваўшы толькі што свой шасцідзесяціпяцігадовы юбілей. Нам пакінула мноства шчырых і светлых твораў і вялікі прыклад працалюбства, волі, самаахвярнасці і бязмежнай любові да Чалавека.

“Калі мембранай стала ўся айчына, -

Мы з ёй нязменна правяраем слых.

Ці ж важна, як жывецца мне, адзінай,

Калі жывеш, як за сябе, за ўсіх.”

(“На самай звонкай ноце…”)