Даведнікі па фондах

Напрыканцы 2012 г. убачыў свет другі выпуск даведніка па фондах архіва-музея - Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва: даведнік. Вып. 2. Паступленні за 1993-2009 гг. Уклад.: В.Я. Данекіна, Г.В. Запартыка, У.Г. Кулажанка; рэдкал.: У.І. Адамушка [і інш.] - Мінск: ТАА “Медысонт”, 2012. – 352 с.

У выданне уключана 146 анатацый на фонды класікаў беларускай літаратуры Я. Брыля, М. Гарэцкага, С. Грахоўскага, У. Дубоўкі, К. Каганца, А. Кучара, Е. Лось. М. Лужаніна, Р. Папараця, І. Пташнікава, П. Труса, М. Чарота і інш.; вядомых рэжысёраў і акцёраў А. Асторынай, Т. Бандарчык, С. Бірылы, К. Быліч. А. Клімавай, Г. Макаравай, В. Турава, І. Яунзем і інш.; кампазітараў і музыказнаўцаў М. Бергера, Ю. Дрэйзіна, Я. Тарасевіча, Я. Цікоцкага, Г. Цітовіча і інш.; мастакоў А. Астаповіча, А. Грубэ, М. Дучыца, С. Палееса, Г. Барышава і інш., вядомых вучоных гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў і мовазнаўцаў Г. Барышава, М. Ермаловіча, А. Каўкі, М. Кацара і інш. Значную частку ў выданні займаюць анатацыі на ўнікальныя калекцыі і зборы, якія паступілі ад калекцыянераў, альбо сфармаваліся ў архіве-музеі з малаколькасных паступленняў. Акрамя таго, у даведніку было працягнута анатаванне фондаў тэатраў, кінастудый, рэдакцый часопісаў і газет, музычных калектываў, творчых саюзаў і іншых устаноў культуры.

У анатацыях утрымліваюцца кароткія біяграфічныя звесткі ці гістарычныя даведкі аб фондаўтваральніках і змястоўнае апісанне складу дакументаў архіўных фодаў. Даведнік мае спіс фондаў БДАМЛМ за 1960-2012 гг., паказальнік імёнаў, дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і культурна-грамадскіх мерапрыемстваў.

Выхад у свет даведніка стаў значным унёскам у фармаванне сістэмы навукова-даведачнага апарату архіва-музея. Бясспрэчна, выданне стане эфектыўным навуковым інструментам для даследчыкаў гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва.

Першы выпуск даведніка выйшаў у 1997 г. - Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва: даведнік. Вып. 1. Паступленні 1960–1992 гг. Рэд. кал.: В.Я.Данекіна [і інш.]; склад.: І.Л.Асецкая [і інш.]. – Мінск.: БелНДІДАС, 1997. – 471 с.

Падрыхтаваны супрацоўнікамі архіва-музея даведнік падае звесткі пра ўсе матэрыялы, што захоўваліся на 1 студзеня 1993 года. У выданне уключана 280 анатацыі на фонды дзеячаў беларускай культуры, дзяржаўных і грамадскіх устаноў. Даведнік мае тры раздзелы: асабістыя фонды, калекцыі і зборы, дзяржаўныя ўстановы і творчыя арганізацыі. У канцы даведніка пададзены спіс фондаў, якія паступілі ў БДАМЛМ і не прайшлі навукова-тэхнічнай апрацоўкі. Даведнік забяспечаны імянным паказальнікам і паказальнікам дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый. Даведачны апарат падрыхтаваны В.Я. Данекінай, І.І. Мірановіч. Прадмова састаўлена Г.І. Сурмач, В.Я. Данекінай. Агульная ўніфікацыя праведзена В.Я. Данекінай, выверку тэкстаў і паказальнікаў ажыццявіла Г.В. Запартыка.

Характарыстыка і склад фондаў

Па выніках 2016 г. архіў-музей налічвае: 114 018 адзінак захоўвання, аб'яднаных у 503 фонда, 623 музейных экспаната. Плошча пад захаванне фондаў 334,9 м². Храналагічны перыяд: з 1812 г. па цяперашні час (асабістыя матэрыялы — копіі дакументаў XIII-XIX стст.).

У архіве-музеі захоўваюцца дакументы і матэрыялы па гісторыі літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і музыкі Беларусі ад пачатку 19 ст. да нашых дзён. Тут знаходзяцца асабістыя фонды пісьменнікаў А.Адамовіча, А.Бабарэкі, Максіма Багдановіча, Я.Брыля, К.Буйло, В.Быкава, М.Гарэцкага, У.Караткевіча, Якуба Коласа, Я.Купалы, І.Мележа, І.Шамякіна і інш.; артыстаў і рэжысёраў Л.Александроўскай, І.Балоціна, С.Друкер, У.Корш-Сабліна, С.Станюты, А.Труса і інш.; кампазітараў А.Багатырова, Г.Вагнера, Я.Глебава, І.Любана і інш.; мастакоў і скульптараў І.Ахрэмчыка, В.Волкава, А.Глебава, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, Б.Малкіна, С.Селіханава і інш. Архіў захоўвае дакументальную спадчыну музея імя І.Луцкевіча ў Вільні, якая складаецца з дакументаў беларускіх таварыстваў (Беларускі клуб у Вільні, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа), культурна-асветных арганізацый (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні, Таварыства беларускай школы), дакументаў па гісторыі беларускага друку (выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца», «Наша хата», рэдакцыйныя архівы газет і часопісаў «Наша ніва», «Беларускі звон», «Змаганне» і інш.), справаздачныя дакументы музея імя І.Луцкевіча ў Вільні. Сярод дакументаў і матэрыялаў: запісная кніжка бацькі пісьменніка і мастака К.Каганца за 1813-64 гг. з аўтографамі ўдзельнікаў паўстання К.Каліноўскага; «Беларуская хрэстаматыя», падрыхтаваная Б.Эпімах-Шыпілам у 1889-1931 гг.; рукапіснае выданне студэнтаў-нарадавольцаў Пецярбургскага універсітэта — часопіс «Гоман» (1884); этнаграфічныя запісы А.Гурыновіча (1890-94); старонка дзённіка М.Багдановіча (1916), фотаздымкі М.Багдановіча, яго родных (1892 — 1910); ліст М.Шагала з Парыжа Ю.Пэну (1927-28); калекцыя фотаздымкаў Б.Шоу (1930-я гг.) і інш.

Сярод шматлікіх унікальных кніг і выданняў навуковай бібліятэкі архіва-музея — газеты «Наша доля» і «Наша ніва», «Вольная Беларусь», «Звон», часопісы «Маладняк», «Узвышша», «Саха»; стараверскі перадрук Псалтыра 1645 г., выкананы ў 1849 г., «Вянок» М.Багдановіча 1913 г., 8 выданняў паэмы «Тарас на Парнасе» пачынаючы з 1898 г., амаль усе выданні граматыкі Б.А.Тарашкевіча, кнігі В.Ю.Ластоўскага, слоўнік І.І.Насовіча, першыя выданні зборнікаў Я.Купалы «Жалейка» і Я.Коласа «Песні-жальбы» і інш. У склад бібліятэкі ўваходзяць асабістыя кніжныя зборы і калекцыі дзеячаў літаратуры і мастацтва (бібліятэкі Я.Брыля, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, М.Ермаловіча, Я.Красоўскага, М.Танка, І.Шамякіна). Значную частку кніжных збораў складаюць бібліятэкі рэдкіх кніг і выданняў, што паступілі ад бібліяфілаў (бібліятэкі У.Баравога, М.Магільнага, М.Талеркі, І.Тулейкі).

Пасля рэарганізацыі ў 1976 г. у архіў-музей пачалі паступаць музейныя прадметы — мемарыяльныя рэчы разам з дакументамі фондатрымальнікаў (565 прадметаў). У склад музейнага фонду уваходзяць калекцыі фалерыстыкі, тканін, выяўленчых крыніц, музычных інструментаў, гадзіннікаў, вырабаў з дрэва, посуду, пісьмовых прылад, якія класіфікаваны па тыпах крыніц і матэрыялу. Адначасова пры размеркаванні прадметаў па калекцыях захоўваецца цэласнасць мемарыяльнай калекцыі і іх прыналежнасць да фонду таго дзеяча, разам з дакументамі якога яны паступілі.

Асноўную частку музейных прадметаў складае калекцыя фалерыстыкі. Гэта ўзнагароды беларускіх пісьменнікаў А.Астрэйкі, Я.Брыля, П.Валкадаева, Я.Васілёнка, В.Гарбука, М.Ткачова; акцёраў А.Асторынай, І.Балоціна, С.Бірылы, Г.Макаравай, І.Матусевіча, Ц.Сяргейчыка, Ю.Хіраска; кампазітараў І.Кузняцова, П.Падкавырава; мастакоў А.Марыкса, А.Паслядовіч; скульптара А.Грубэ, дзеяча культуры Г.Прагіна. Найбольш часта сярод іх сустракаюцца ордэны: Знак Пашаны, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і Дружбы народаў; медалі «Ветэран працы», «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.», «За працоўную адзнаку», «Партызану Айчыннай вайны». Значнае месца займаюць юбілейныя і памятныя медалі: «40 гадоў вызвалення Беларусі», «100 гадоў М.Гарэцкаму», «Крэпасць-герой Брэст», «900 год з дня заснавання Брэста», «900 год з дня заснавання Мінска», «2000 год хрысціянству», «200 гадоў з дня нараджэння І.А.Крылова», «100 год з дня нараджэння Я.Гашака» і інш.

У складзе музейнага фонду калекцыя тканін, якая прадстаўлена прадметамі народнай творчасці. Найбольш значная колькасць іх паступіла разам з сямейным фондам Гарэцкіх. Гэта абрусы, ручнікі і сурвэткі з мастацкай вышыўкай, выкананай жонкай М.Гарэцкага пісьменніцай Л.Чарняўскай. У калекцыі маюцца насоўка з вензелем Л.А.Багдановіча (брата М.Багдановіча), шоўкавы абрус і льняны ручнік, якія належалі К.Буйло, і інш. Захоўваецца таксама белы льняны абрус, якім засцілаўся стол падчас урачыстых сустрэч стваральнікаў літаратурнага аб'яднання «Узвышша».

Да калекцыі выяўленчых крыніц адносяцца творы жывапісу, скульптура, фотапартрэты. З жывапісных работ найбольшую цікавасць прадстаўляюць: партрэт У.Дубоўкі, выкананы акварэллю, карціна В.Целеша «Заміж пярсідскага ўзору...» («М.Багдановіч у Вільні»), партрэт К.Буйло работы Я.Раманоўскага, «Пукса-возера» А.Бялецкага, партрэт М.Ермаловіча ў выкананні Я.Ціхановіча, карціна П.Зарэцкага «Домік Я.Янішчыц», партрэт маці музыказнаўцы Ю.Дрэйзіна і інш. Скульптура прадстаўлена работамі А.Л.Мірончыка, выкананымі па заказу архіва-музея: бюсты М.Агінскага, Ф.Багушэвіча, С.Буднага, Я.Драздовіча, Я.Коласа, Я.Купалы, І.Луцкевіча, С.Манюшкі, Ф.Скарыны. Сярод фотаздымкаў партрэты народнай артысткі Беларусі і СССР А.Клімавай у яе лепшых ролях, фота У.Дубоўкі, Л.А.Багдановіча, А.Л.Дуж-Душэўскай, К.Буйло і інш.

У калекцыі музычных інструментаў — цымбалы, якія належалі беларускаму кампазітару В.Яфімаву, дырыжорская палачка дырыжора і кампазітара М.Шнейдэрмана, піяніна заслужанага артыста Беларусі В.Скорабагатава. У калекцыю вырабаў з дрэва ўваходзяць шахматы А.Бабарэкі і М.Гарэцкага, шкатулкі сем'яў Багдановічаў і Гарэцкіх, К.Буйло, курыльная люлька А.Я.Багдановіча, пячатка Беларускага фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур. Калекцыя гадзіннікаў уключае насценныя гадзіннікі «Gustav Вескег» канца 19 ст. і К.Буйло, кішэнныя пісьменніка і літаратурнага крытыка А.Бабарэкі і дзеяча культуры Г.П.Прагіна. У калекцыі посуду маюцца блюды, кававарка, пасудзіна для малака, сталовыя прыборы сям'і Багдановічаў, драўляныя лыжкі і талеркі з хахламской размалёўкай У. Дубоўкі і інш. Да калекцыі пісьмовых прылад адносяцца 2 фарфоравыя чарнільныя прыборы і настольная лямпа К.Буйло, блакноты А.Бабарэкі, пёравыя ручкі М.Гарэцкага і В.Скорабагатава, розныя папкі для папер і г.д.

Навукова-даведачны апарат

Колькасць вопісаў - 587

Сістэма каталогаў

Сістэматычны каталог - 45 153 карт.

Імянны каталог - 277 693 карт.

Аўтаматызаваныя базы дадзеных

"ААТ - імянны каталог" - 102 038 карт.

"ААТ - архіўныя вопісы" - 110 воп.

"АИС государственного архива" (ПМ "Научно-справочный аппарат") - 65 764 карт.

Навукова-даведачная бібліятэка

Колькасць кніг і брашур - 32 159 экз.

Колькасць часопісаў - 23 787 экз.

Колькасць газет - 20 462 экз.

Даведачна-інфармацыйны фонд архіва-музея - 1 685 адз. зах.