Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (касцёл бернардзінцаў)

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва месціцца ў будынку касцёла бернардзінцаў (вул. Кірылы і Мяфодзія, 4) - адным з нямногіх помнікаў архітэктуры барока XVII ст. у Мінску.

Будаўніцтва мужчынскага бернардзінскага кляштара і касцёла пачалося ў першай чвэрці XVII ст. Фундатарам лічыцца краснасельскі стараста Ян Кенсоўскі, па ініцыятыве якога ў 1628 г. ўзніклі драўляныя будынкі касцёла і кляштара. У некаторых крыніцах згадваецца і іншая дата - 1624 год.

Вядомы беларускі мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін, грунтуючыся на тым, што ў 70-я гг. XVII ст. пры касцёле была "вымуравана" капліца, лічыў за час будаўніцтва каменнага кляштара другую палову XVII ст. Стольнік Пятра Першага П. А. Талстой, пабываўшы ў кляштары, зазначаў, што яго каменны касцёл "...небогатого строения". У 1752 г. на сродкі заможных гараджанаў скончылася рэканструкцыя касцёла пасля буйнога пажару. У канцы XVIII ст. комплекс мужчынскага бернардзінскага кляштара складаўся з касцёла святога Язэпа і прылеглага да яго жылога корпуса. На паўночны ўсход ад іх знаходзіўся вялікі ўчастак, абмежаваны прылеглымі вуліцамі з дзвюма стайнямі, вінакурняй, свірнам і іншымі гаспадарчымі пабудовамі. Ад плошчы кляштар аддзяляла высокая каменная сцяна.

Касцёл святога Язэпа сваімі памерамі, веліччу і багаццем павінен быў увасабляць моц і магутнасць каталіцкай царквы. У яго інтэр'еры знаходзілася дзевяць алтароў і шмат твораў жывапісу, сярод якіх вылучалася праца з выявай Ганны і Марыі з немаўлём.

З паўночнага захаду да храма прылягае двухпавярховы манастырскі корпус складанага плана з невялікім квадратным унутраным дворыкам. Інтэр'еры манастыра маюць калідорную планіроўку і скляпеністыя перакрыцці.

У 1810 - 1817 гг. на месцы каменнай агароджы з боку плошчы па праекце архітэктара М. Чахоўскага былі пабудаваны гандлёвыя рады (яны атрымалі назву "Бернардзінскія Крамы", пазней "Віленчукі"), якія ахапілі будынак касцёла паўколам і ўдала дапоўнілі архітэктурнае аблічча кляштара бернардзінцаў. У гады Другой сусветнай вайны яны былі пашкоджаныя, пазней знесеныя. Захаваная іх частка (з боку вул. Герцэна) адрэстаўравана ў 1982 г., а ў 2000-х адноўлена і зруйнаваная частка, цяпер у будынку месціцца рэстаран.

У 1864 г. касцёл і кляштар былі зачыненыя і канфіскаваныя расійскімі ўладамі за ўдзел гараджанаў Мінску ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні. Касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву Св. Кірылы і Мяфодзія, а кляштарныя карпусы былі ператвораныя ў казармы Каломенскага пяхотнага палка. У былых манастырскіх памяшканнях утрымліваліся і многія ўдзельнікі паўстання. Пазней будынкі кляштара перадалі ўпраўленню мінскага павятовага воінскага начальніка, а былы касцёл у 1872 г. прыстасавалі пад архіў. З 1969 г. тут месціўся Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР. У 1984 г. былі завершаны працы па рэстаўрацыі былога касцёла бернардзінцаў (архітэктар Г. Босак).

Аблічча касцёла ў значнай ступені зведала змены пасля шматлікіх пажараў і неаднаразовых рэканструкцый. У выніку знік характэрны для стылю барока архітэктурны элемент на галоўным фасадзе будынка - яго выгнуты франтон. У інтэр'еры страчаны цыліндрычны звод над цэнтральным нэфам - найвышэйшай часткай касцёла. У бакавых нэфах ацалелі крыжавыя скляпенні. Фрагментарна захавалася дэкаратыўнае аздабленне. Дах цэнтральнага нэфа двухсхільны, над бакавымі - аднасхільны. Галоўны фасад дэкараваны развітымі пілястрамі з валютамі сваеасаблівай формы.

На дадзены момант памяшканні будынка займаюць Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі.